Упершыню ў Віцебскай вобласці прыватнае прадпрыемства атрымае ва ўласнасць нерухомасць пад інвестпраект

22 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Упершыню ў Віцебскай вобласці прыватнае прадпрыемства атрымае бязвыплатна ва ўласнасць невыкарыстоўваемую камунальную нерухомасць пад інвестыцыйны праект, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара абласнога тэрытарыяльнага фонду "Віцебскаблмаёмасць" Павел Кацікаў. Пастаўскае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Вытворча-мэблевы цэнтр" (ТАА "ВМЦ") стварыла сучасную дрэваапрацоўчую вытворчасць і асвоіла выпуск дзвярных блокаў, накіраваўшы на гэтыя мэты амаль Br3,4 млрд. Для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта прадпрыемству ў 2007 годзе былі перададзены невыкарыстоўваемыя аб'екты нерухомасці камунальнай уласнасці на падставе ўказа №108 ад 27 лютага 2007 года "Аб некаторых мерах па ўцягванні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці". Усяго інвестару было прадастаўлена ў бязвыплатнае карыстанне тэрмінам на 3 гады 18 камунальных аб'ектаў нерухомасці. У 2009 годзе прадпрыемства завяршыла рэалізацыю інвестпраекта і цяпер будзе рыхтавацца праект рашэння аблвыканкама аб перадачы інвестару нерухомасці ва ўласнасць, удакладніў Павел Кацікаў. У выніку ўцягвання ў абарот невыкарыстоўваемай маёмасці ў даход бюджэту ўжо паступіла Br111,4 млн. Акрамя таго, за перыяд вытворчай дзейнасці ТАА "ВМЦ" выплаціла каля Br95 млн. падаткаў. На прадпрыемстве створана 158 працоўных месцаў, у снежні 2009 года сярэдні заробак па прадпрыемстве склаў амаль Br729 тыс. Праект рэалізаваны ў адпаведнасці з Дзяржаўнай комплекснай праграмай развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады. Прадпрыемства выканала капітальны рамонт перададзеных будынкаў, збудаванняў і інжынерных сетак. На вытворчай пляцоўцы ўведзены ў эксплуатацыю зборачны цэх дрэваапрацоўкі агульнай плошчай звыш 3,7 тыс. кв.м, шэсць сушыльных камер з агульным аб'ёмам вытворчасці 6 тыс. куб.м у месяц, шэраг іншых вытворчых ліній і участкаў. У рэканструяванай кацельні ўстаноўлены два водаграйныя катлы італьянскай вытворчасці, якія працуюць на адходах дрэваапрацоўкі і цалкам забяспечваюць патрэбы прадпрыемства ў цеплавой энергіі. Акрамя таго, тут жа створаны эксперыментальны ўчастак па вытворчасці мэблі з цвёрдых гатункаў драўніны, дачна-садовай мэблі і більярдавых сталоў. З жніўня 2009 года ТАА "ВМЦ" ажыццяўляе поўны цыкл вытворчасці дзвярных блокаў. За гэты час аб'ём выпуску прадукцыі склаў звыш Br1,3 млрд., у тым ліку на экспарт пастаўлена амаль на Br165 млн. Таксама прадпрыемства аказвае паслугі па лесапілаванні і сушцы піламатэрыялаў, апрацоўцы давальніцкай сыравіны. Агульная сума паслуг вытворчага характару, аказаных за час працы, перавысіла Br3,3 млрд. У 2010 годзе прадпрыемства плануе ўвесці ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці пелет, якія цалкам мяркуецца экспартаваць. Гадавы аб'ём інвестыцый у развіццё вытворчасці складзе не менш за 135 тыс. еўра. Усяго ў вобласці цяпер у рознай стадыі рэалізацыі знаходзіцца больш за 10 інвестыцыйных праектаў па стварэнні новых вытворчасцей, у тым ліку звязаных з уцягваннем у гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай камунальнай нерухомасці.-0-