Упершыню ў Віцебскай вобласці з'явіўся экіпаж-сямітысячнік. Рэкардсменаў ушаноўвалі ў Аршанскім раёне
Зусім нядаўна - упершыню ў гісторыі Віцебскай вобласці - аграрыі Аршаншчыны намалацілі рэкордны аб'ём збожжа і тэхнічных культур – шэсць тысяч тон. Гэтую планку перасягнуў экіпаж СГЦ «Задняпроўскі» Аршанскага КХП у складзе Сяргея Грэкава і Максіма Герасімца. Сёння камбайнеры пабілі новы рэкорд. З улікам кукурузы яны дасягнулі сямітысячнага намалоту.
Павіншаваў герояў-камбайнераў з высокім вынікам старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка. Ён пажадаў механізатарам заўсёды заставацца на вышыні і ў наступным годзе на хлебнай ніве пабіць новыя рэкорды.
Камбайнер Сяргей Грэкаў, які амаль сорак гадоў працуе ў аграрнай галіне, не лічыць сябе рэкардсменам. Ён заўсёды стараўся працаваць добрасумленна, адказна, не шкадуючы сіл і часу. Лічыць, што ніякага сакрэту поспеху няма. Усё проста: трэба з клопатам ставіцца да зямлі і ўсім сэрцам любіць сваю справу.