Упершыню ў Віцебскай вобласці з'явіўся экіпаж-шасцітысячнік
Першы ў гісторыі Віцебскай вобласці экіпаж-шасцітысячнік прама ў полі павіншаваў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Рэкордны аб'ём збожжавых, зернебабовых і іншых культур намалацілі механізатары СГЦ «Задняпроўскі» Аршанскага КХП Сяргей Грэкаў і Максім Герасімец.
Аграрыі не першы год паказваюць годныя вынікі, працуюць з поўнай аддачай і мінімальнымі тэхнічнымі прыпынкамі. Сёння яны – сапраўдныя героі ўборачна-2019, прыклад для пераймання. Гэта падкрэсліў кіраўнік вобласці, уручаючы ім заслужаныя ўзнагароды і нацэльваючы на атрыманне ў 2020 годзе не менш за 7 тысяч тон.
– Сёлета ўраджай кукурузы на зерне парадаваў, – не без гонару заўважыў генеральны дырэктар ААТ «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў» Сяргей Герасімец. – Ёсць участкі з ураджайнасцю 120 ц/га. Прызнаюся, баяліся рабіць акцэнт на збожжавай кукурузе і пашыраць пасяўныя плошчы пад яе. Набудаваў на патрэбны лад і задаў тон старшыня аблвыканкама. І вось ужо трэці сезон атрымліваем выдатны корм для буйной рагатай жывёлы. Сёлета набылі мабільную вальцовую плюшчылку ўласнага збожжа Romill M2 Plus з высокай прадукцыйнасцю. Цяпер за суткі плюшчым 400 тон збожжа кукурузы. Гэта дазваляе ў сціснутыя тэрміны ўбіраць ураджай, а таксама эканоміць на сушцы. Плануем павялічыць плошчы пад збожжавую кукурузу.
Характэрна, што аграрыі Віцебскай вобласці на раніцу 25 кастрычніка перасягнулі (з улікам намалочаных 25 тыс. т кукурузы) мяжу ў 1 млн т збожжа.
– Папрацавалі добра, ёсць вынік, – адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Ефрэмаў. – І ён кажа пра тое, што ў наступным годзе варта яшчэ больш актыўна працаваць у гэтым напрамку. – Добры зачын падрыхтавалі па азімых. Раёну трэба выходзіць на паказчык 150 тыс. тон збожжавых каласавых і розніцу ў 40 тыс. намалоту атрымліваць з кукурузы. На Аршанскай зямлі можна мець вал 170-180 тыс. т збожжа. Што гэта дасць? Значную прыбаўку ў малочным жывёлагадоўлі, вытворчасці свініны і мяса буйной рагатай жывёлы. Адпаведна, павялічыцца загрузка нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў, вырасце дабаўленая вартасць.
Барыс Ефрэмаў выказаў упэўненасць, што сёлета вобласць перасягне леташні рубеж па намалоце кукурузы ў 35 тыс. тон.
– Аршанцам пашанцавала ўдвая: у іх ёсць выдатныя ўрадлівыя палі з вялікай контурнасцю, – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама. – Але з зямлі не будзе аддачы без чалавека працы. Людзей, якія яе апрацоўваюць, трэба падтрымліваць і заахвочваць, даваць ім магчымасць у поўнай меры рэалізоўваць свае ўменні і навыкі.
"Віцебскія весці". Фота газет "Віцебскія весці" і "СБ".