Упершыню ў Віцебскай вобласці прынята комплексная праграма па прафілактыцы ІППП сярод моладзі

15 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Комплексная праграма мерапрыемстваў па прафілактыцы інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ), сярод моладзі на 2011-2012 гады ўпершыню прынята ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Віктар Спірыдонаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Дакумент распрацаваны медыкамі сумесна з упраўленнямі адукацыі, культуры і ўнутраных спраў, а таксама аддзелам па справах моладзі аблвыканкама і накіраваны на аб'яднанне намаганняў і каардынацыю прафілактычнай работы ўсіх ведамстваў сярод моладзі. "Асноўным напрамкам нашай работы на бліжэйшыя гады будзе прафілактыка захворванняў ІППШ у падлеткавым асяроддзі, якая будзе праходзіць пад дэвізам "Рэпрадуктыўнае здароўе моладзі - залаты фонд нацыі!", - падкрэсліў Віктар Спірыдонаў. У 2010 годзе на тэрыторыі вобласці ў узроставай групе да 18 гадоў зарэгістравана 4 выпадкі захворвання на сіфіліс, 15 выпадкаў ганарэі, 7 выпадкаў хламідыёзу, 34 выпадкі трыхаманозу. Ва ўзроставай групе 18-19 гадоў гэтыя даныя павялічваюцца ў 2-3 разы, дадаў Віктар Спірыдонаў. Актыўнае ўзаемадзеянне ведамстваў у прафілактыцы ІППШ сярод моладзі дазволіць стабілізаваць эпідэміялагічную сітуацыю, знізіць рызыку неспрыяльных наступстваў урагенітальных інфекцый. Так, у вобласці плануецца развіваць сетку лабараторый дыягностыкі ІППШ, укараняць інавацыйныя тэхналогіі іх лячэння, праводзіць лекцыйныя курсы як для выкладчыкаў навучальных устаноў, так і навучэнцаў. Па словах Віктара Спірыдонава, за апошні час у рабоце з моладдзю змяніліся самі прынцыпы прафілактыкі. Больш за пяць гадоў віцебскія спецыялісты выкарыстоўваюць такі від медыцынскай дапамогі, як інтэрнэт-кансультацыі на сайце Віцебскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера. Арганізаваны тэлефон даверу, "школы маладой сям'і" пры аддзелах ЗАГС. Створаны ў 2001 годзе кабінет першаснай прафілактыкі працуе ў цесным узаемадзеянні з упраўленнем адукацыі і моладзевымі арганізацыямі. Спецыялісты дыспансера пастаянна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, выступаюць з лекцыямі па праблемах прафілактыкі ІППШ.-0-