Упершыню ў Віцебскай вобласці пройдзе конкурс ілюстрацый па гісторыі роднага краю
4 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Конкурс ілюстрацый па гісторыі роднага краю ўпершыню абвешчаны ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным аб'яднанні па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі.
Асноўнай мэтай конкурсу з'яўляецца стварэнне фонду ілюстрацыйнага матэрыялу па краязнаўстве, які будзе выкарыстоўвацца ў адукацыйнай і культурна-асветніцкай дзейнасці. Яго правядзенне дазволіць аказаць дапамогу кіраўнікам краязнаўчых гурткоў і школьных музеяў у фарміраванні якасных экспазіцый, пуцяводнікаў па гісторыі Віцебшчыны, пры правядзенні прэзентацый краязнаўчай работы. Акрамя таго, творчае спаборніцтва заклікана стымуляваць цікавасць навучэнцаў да вывучэння прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю, мастацкага асэнсавання падзей айчыннай гісторыі.
Конкурс праводзіцца сярод навучэнцаў і выкладчыкаў школ, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў і ВНУ па чатырох намінацыях. Для ўдзелу ў намінацыі "Рэканструкцыя страчанай матэрыяльнай спадчыны продкаў" неабходна прадставіць работы з выявай культавых будынкаў, сядзіб, сельскіх хат або цэлых комплексаў сельскіх ці гарадскіх вуліц у пэўны гістарычны час. Творы ў намінацыі "Выява гістарычнай падзеі" павінны адлюстроўваць бітвы або іншыя легендарныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі раёна або горада. Яшчэ дзве намінацыі прысвечаны ілюстраванню эпізодаў з жыцця гістарычных асоб і персаналій, а таксама працы і побыту жыхароў Віцебшчыны мінулых стагоддзяў. Пры ацэнцы конкурсных работ будуць улічвацца не толькі эстэтычныя вартасці твора, але і адпаведнасць гістарычным рэаліям і арыгінальнасць аўтарскай ідэі.
Вынікі конкурсу стануць вядомыя да канца бягучага года. Аўтары лепшых работ будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, а таксама атрымаюць магчымасць удзельнічаць у пленэрах абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Акрамя таго, будзе арганізавана выстава твораў удзельнікаў конкурсу, падрыхтавана электронная версія каталога работ, частка з якіх будзе адразу перададзена ў дашкольныя ўстановы і дзіцячыя бібліятэкі для афармлення інтэр'ераў.
Арганізатарамі конкурсу выступаюць аблвыканкам, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава і Віцебскае аддзяленне Саюза мастакоў Беларусі.-0-