Урач Ірына Жаўніцкая ўпэўненая, што медыцына, як і горы, памылак не даруе

Нараджэнне цуду
Сустракаемся мы з ёй на лаўцы каля Віцебскага абласнога клінічнага радзільнага дома. У звычайны час зона адпачынку, з фантанам, што ўтапае ў кветках, — любімае месца для шпацыраў пацыентак. Цяпер з-за эпідрэжыму нікога няма. Але аднойчы ўсё абавязкова стане, як раней. Жыццё працягваецца.

Ірына Георгіеўна часова выконвае абавязкі загадчыка радзільным аддзяленнем. Зона яе адказнасці — зладжаныя дзеянні ўсіх урачоў, сярэдняга і малодшага медперсаналу. І, вядома, паспяховыя роды, вылучае суразмоўніца:

— Робім максімальна магчымае, каб з маці і малое, якое толькі прыйшло ў гэты свет, усё было ў парадку.

Вясной абласны радзільны дом быў перапрафіляваны для прыёму людзей з каранавіруснай інфекцыяй, кантактных асоб, а таксама цяжарных і гінекалагічных пацыентак з прыкметамі ВРВІ, ліхаманкай і іншай рэспіраторнай паталогіяй. Работы медыкам прыбавілася. Цяпер яны павінны забяспечваць не толькі бяспеку іншых, але і ўласную. Сродкаў абароны, лекавых прэпаратаў хапае, дзеліцца Ірына Жаўніцкая:

— Створана мультыдысцыплінарная брыгада ўрачоў-спецыялістаў, якая ў залежнасці ад клінічнай сітуацыі вядзе кожную пацыентку. А ПЦР-лабараторыя, якая ўваходзіць у склад радзільнага дома, дазваляе ў рэжыме рэальнага часу кругласутачна дыягнаставаць каранавірусную інфекцыю ў цяжарных і нованароджаных. Тэст на COVID-19 робіцца малым двойчы — на 3-й і 10-й дні жыцця. Большасць нашых каранавірусных пацыентак пераносілі інфекцыю ў лёгкай форме. Дадому іх выпісалі здаровымі і акрыленымі тым, што хвароба — ззаду. 

Па прафесіі Ірына Георгіеўна — урач-акушэр-гінеколаг. Стаж яе працы — 13 гадоў, і за ўвесь гэты час яна ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Хоць зрабіла яго, як гэта нямала здараецца, за кампанію. У 9-м класе блізкая сяброўка вырашыла паступаць у медыцынскі каледж. Іра далучылася, а далей — класіка жанру. Сяброўка не прайшла, узгадвае суразмоўніца:

— А я — так. Бацькі, абодва інжынеры, тэхнары да мозгу костак, спачатку адгаворвалі. Затое пазней, калі пале каледжа падала дакументы ў медуніверсітэт, ужо ад душы падтрымлівалі. Пасля ВНУ два гады адпрацавала ў Сенненскай ЦРБ, там атрымала добрую базу. Але, калі шчыра, вельмі сумавала па акушэрскай практыцы, бо родаў на раёне як такіх не было — будучых мам накіроўвалі ў Віцебск. 

У абласным радзільным доме Ірына нарэшце знайшла прафесійную гармонію. Не абышлося без падтрымкі настаўнікаў. Імі сталі калегі Людміла Кузняцова і Людміла Мацвеева, Ірына Пасах, якім доктар Жаўніцкая ўдзячная. У Ірыны Георгіеўны ёсць і свой «спіс» пацыентак, якія кажуць ёй шчыры дзякуй. Яны тэлефануюць, пішуць, віншуюць са святамі. Такая ўвага заканамерная, бо калісьці доктар дапамагла ім выносіць малых пры не самай лёгкай цяжатнасці. Імёны дзвюх пацыентак памятае да гэтага часу. Яны ляжалі ў палаце, лічы, адна за адной і на адным і тым жа ложку. Нават клінічная карціна аказалася падобнай: захаванне з самых ранніх тэрмінаў, абавязковы пасцельны рэжым… На шчасце, агульнымі намаганнямі ўсё завяршылася добра. І мамы, і іх дзеці здаровыя. 

Да цуду нараджэння нельга прывыкнуць, перакананая Ірына Георгіеўна:

— На тое яно і цуд. Дачыненне да яго — ужо шчасце, але адначасова сур'ёзнае выпрабаванне. 

Ірына Жаўніцкая сама мама 13-гадовай дачкі Дар'і. Дзяўчынка ўжо глядзіць у бок медыцыны. Ірына Георгіеўна бачыць яе фармацэўтам, а Даша марыць быць практыкуючым доктарам. 

У ТЭМУ

Хобі ў Ірыны Жаўніцкай — экстрэмальны турызм. Разам з бацькам яна ездзіць у Карэлію, каб сплавіцца на байдарках. А раней яны пакоралі вяршыні Каўказа. У медыцыны і гор нямала агульнага, лічыць доктар: без халоднай галавы, ведаў і жадання ісці ўверх не абысціся.

naumova@sb.by  "Беларусь сегодня"