Лекары Віцебскай і Смаленскай абласцей наладзяць рэгулярны абмен вопытам
Лекары Віцебскай і Смаленскай абласцей наладзяць рэгулярны абмен вопытам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач.
"Лекары Смаленскай вобласці будуць прыязджаць да нас з мэтай асваення новых тэхналогій і метадаў працы па профільных напрамках, якія ў нас у рэгіёне развіты лепш. Адпаведна, аналагічная магчымасць цяпер ёсць і ў нашых лекараў", - сказаў Юрый Дзеркач. Першы такі візіт смаленскіх калег плануецца арганізаваць у бліжэйшы час. Візіт дэлегацыі лекараў Віцебскай вобласці ў Смаленск намечаны на кастрычнік.
Наладжванне цеснага ўзаемадзеяння па дадзеным напрамку стала магчымым дзякуючы падпісанаму сёння ў Віцебску пагадненню паміж упраўленнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя і Дэпартаментам па ахове здароўя Смаленскай вобласці і Смаленскай абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў аховы здароўя Расійскай Федэрацыі. Дакумент заключаны ў ходзе двухдзённага візіту дэлегацыі лекараў Смаленскай вобласці ў Віцебск і адкрывае перад двума бакамі шырокія перспектывы па супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя насельніцтва.