Усе 911 участкаў для галасавання ў Віцебскай вобласці расчынілі свае дзверы для выбаршчыкаў

19 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Усе 911 участкаў для галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адкрылі свае дзверы для выбаршчыкаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Вячаслаў Крук. У воінскіх часцях створаны 2 участкі для галасавання, у санаторыях, бальніцах, дамах адпачынку і прафілакторыях - 51 участак. У складзе камісій працуюць 11458 чалавек. Больш за 40% з іх - вылучэнцы грамадскіх аб'яднанняў і партый, звыш траціны вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заяў, астатнія дэлегаваны працоўнымі калектывамі. Сярод членаў участковых камісій толькі 3,7% складаюць дзяржслужачыя. На участках устаноўлены 4153 скрыні, у гэту колькасць уваходзяць скрыні для датэрміновага галасавання, пераносныя скрыні для галасавання на даму. Разам з традыцыйнымі непразрыстымі ўстаноўлены празрыстыя ёмістасці для галасавання - такіх у вобласці 82. За ходам выбараў у рэгіёне будуць сачыць звыш 4,4 тыс. мясцовых назіральнікаў, больш за 40 кароткатэрміновых назіральнікаў ад СНД, АБСЕ. Святочную атмасферу на ўчастках для галасавання створаць самадзейныя творчыя калектывы: іх канцэртныя праграмы запланаваны на працягу ўсяго дня выбараў. На большасці ўчасткаў, размешчаных у школах, арганізаваны выставы дзіцячых творчых работ. У вобласці працуюць 28 тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку 1 абласная, 21 раённая, 3 гарадскія камісіі працуюць у гарадах абласнога падпарадкавання, 3 - раённыя ў Віцебску. У складзе камісій 364 чалавекі. Больш за палову з іх прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, 27,7% вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў, 19,8% - працоўнымі калектывамі. У склад камісій уваходзяць члены Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", КПБ, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Больш за 60% членаў камісіі - жанчыны, моладзь да 30 гадоў складае 9,1%. -0-