Усё больш віцябчан адстойваюць свае правы ў сферы гандлю і паслуг
У пошуках дапамогі
Кожнаму з нас хацелася б мець справу выключна з годнымі прадаўцамі, спраўнай тэхнікай і якасным абслугоўваннем. Выдаткоўваючы грошы, асабліва калі гаворка ідзе пра буйную суму, мы спадзяемся, што купля прынясе нам толькі радасць. Аднак рэальнае жыццё далёкае ад ідэалу. То і справа ў гэтай сферы ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, якія не ўдаецца вырашыць без старонняй дапамогі. Як распавёў намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Цімашэнка, за 2014 год да іх звярнулася больш за 820 грамадзян, каб атрымаць кансультацыю і падтрымку ў абароне сваіх спажывецкіх правоў. За першыя два месяцы 2015-га паступіла 165 зваротаў: 91 пісьмовы і 74 вусныя. Дзмітрый Алегавіч, які з'яўляецца ўпаўнаважаным па абароне правоў спажыўцоў, правёў за студзень-люты дзевяць асабістых прыёмаў грамадзян, у выніку якіх было складзена 8 іскавых заяў і 11 прэтэнзій.
Калі тэлефон не радуе
Практычна штодня Дзмітрыю Цімашэнку даводзіцца аказваць жыхарам горада дапамогу ў вырашэнні канфліктных сітуацый. І ён перакананы, што многіх падобных выпадкаў можна было б пазбегнуць, калі б людзі першапачаткова не здзяйснялі некаторых памылак і ведалі асаблівасці дзеючага заканадаўства.
— Сёння значная частка зваротаў датычыцца складанай бытавой тэхнікі, асабліва тэлефонаў і планшэтаў, — растлумачыў Дзмітрый Алегавіч. — У ходзе іх эксплуатацыі нямала выяўляюцца недахопы: прылады не ўключаюцца, не зараджаюцца, не заходзяць на нейкія сайты, маюць недастаткова адчувальныя сенсары. Такія праблемы звычайна выпраўляюцца шляхам так званай перапрашыўкі (змены праграмнага забеспячэння). А яна па законе не адносіцца да рамонтных работ, таму патрабаванні спажыўцоў у дадзеным выпадку не могуць быць задаволены. І хоць набыццё не функцыянуе як след, вяртанню або абмену яно не падлягае. На гэтай глебе нямала ўзнікаюць канфлікты.
Расстроеных спажыўцоў можна зразумець: яны заплацілі за тавар і хочуць ім карыстацца. Але дапамагчы ў гэтым выпадку нічым нельга. Можна хіба што парэкамендаваць людзям у будучыні не гнацца за таннасцю і не купляць складаную тэхніку малавядомых фірмаў. Лепш аддаць перавагу вядомым брэндам, раіць Дзмітрый Цімашэнка, прычым выбіраць тыя, у якіх ёсць сэрвісныя цэнтры ў Віцебску.
— Калі сэрвісны цэнтр знаходзіцца ў іншым горадзе, то ў выпадку паломкі павялічваюцца тэрміны праверкі якасці тавару, і спажывец не зможа карыстацца тэхнікай больш працяглы час, — тлумачыць ён.
Калі ўмяшанне ўпаўнаважанага па абароне правоў спажыўцоў не дапамагло вырашыць спрэчку паміж прадаўцом і пакупніком, то канчаткова разабрацца, хто мае рацыю, дазваляе правядзенне экспертызы. Задавальненне не з танных, паколькі сама складаная бытавая тэхніка каштуе звычайна некалькі мільёнаў рублёў, акрамя таго, няспраўны тавар для гэтага давядзецца адпраўляць у Мінск.
— Калі спажывец апынецца правы, то правядзенне экспертызы павінен будзе аплаціць прадавец, — каментуе Дзмітрый Алегавіч. — Але калі прэтэнзіі кліента не пацвердзяцца, то выдаткі лягуць на яго ўласныя плечы. Пра гэта пакупніку, які адстойвае свае правы, таксама не варта забываць.
Акно з сюрпрызам
Але не толькі сучасная тэхніка выклікае нараканні спажыўцоў. Нямала скаргаў звязана з аказаннем паслуг па перацяжцы мэблі, устаноўцы вокнаў і нацяжных столяў. Даводзіцца прызнаць, што ў многіх выпадках грамадзянам, незадаволеным вынікам праведзеных работ, дапамагчы немагчыма. І не таму, што закон не дазваляе. Прычына ў іншым: людзі альбо наогул не заключаюць дагавор на аказанне адпаведных паслуг, альбо ў дакуменце толькі ў агульных рысах прапісваецца, што павінен атрымаць заказчык.
— Часта ў дагаворы пазначаецца толькі факт пастаўкі акна, — прыводзіць прыклад Дзмітрый Алегавіч. — А вось падрабязнасці адносна знешняга выгляду адсутнічаюць: не абмяркоўваецца канкрэтны памер асобных частак, якія з іх і як будуць адкрывацца. Пiсьмова не фiксуецца, хто павінен ажыццяўляць мантаж. І потым бывае вельмі складана прад'явіць прэтэнзіі да якасці працы, усталяваць, што кліенты прасілі і што ў выніку атрымалі. Спажыўцам варта ўлічваць такі нюанс: многія прадпрымальнікі заключаюць дагавор толькі на куплю-продаж вокнаў. Менавіта гэта запісана ў дакуменце. Устаноўка ж вядзецца староннімі асобамі, якіх рэкамендуюць кліенту. Калі ўзнікаюць праблемы, высвятляецца, што само акно якаснае, але маюцца недахопы па мантажы. А за яго прадавец у адпаведнасці з дагаворам адказнасці не нясе. Гэта значыць, спажывец у выніку прайграе.
Аналагічныя сітуацыі бываюць з мэбляй: прадае яе адзін прадпрымальнік, а збірае і ўсталёўвае іншы.
Нерэдка таксама выпадкі, калі кліенты разлічваюцца наяўнымі, не патрабуючы касавыя чэкі. Адпаведна, факт перадачы грошай потым практычна немагчыма даказаць у судзе, а значыць, застаецца разлічваць толькі на сумленнасць таго, хто атрымаў суму. На жаль, стаўка на лепшыя чалавечыя якасці аказваецца не заўсёды апраўданай. Таму спажыўцам варта паклапаціцца пра сябе першапачаткова. Па-першае, выбіраць фірмы, якія працуюць на рынку не першы год, маюць свае офісы і не знікнуць заўтра з вашымі грашыма ў невядомым напрамку. Па-другое, важна ўважліва прачытаць дагавор. Там павінна быць пазначана значна больш, чым проста «Пастаўка канструкцыі з ПВХ». У дакуменце неабходна абмеркаваць памеры тавару, яго асаблівасці, камплектацыю, а таксама факт мантажу. Па-трэцяе, пры аплаце абавязкова трэба патрабаваць чэк або іншы дакумент, які пацвярджае факт перадачы грашовых сродкаў. І, безумоўна, звяртайце ўвагу на тэрміны пастаўкі і гарантыйныя абавязацельствы пастаўшчыка.
— Бо калі прэтэнзіі прад'яўлены на працягу гарантыйнага тэрміну, то прадавец павінен даказаць, што тавар якасны, — тлумачыць Дзмітрый Цімашэнка. — Калі ж узнікла скарга па завяршэнні гэтага тэрміну, то тут ужо пакупніку давядзецца даказваць, што прадукцыя неякасная, шукаць экспертную арганізацыю і пацвярджаць сваю правату.
Павышаючы прававую пісьменнасць
Упаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў адзначае, што пісьмовых зваротаў па гэтых пытаннях не становіцца больш. Сваю ролю адыгрывае той факт, што Дзмітрый Алегавіч у месяц у сярэднім праводзіць чатыры асабістыя прыёмы грамадзян.
— Я кансультую людзей, дапамагаю складаць дасудовыя прэтэнзіі і іскавыя заявы. Гэта значыць, мы не толькі разбіраемся з праблемай, падказваем спажыўцу, як дамагчыся задавальнення яго патрабаванняў, калі для гэтага ёсць законныя падставы, але і павышаем прававую пісьменнасць насельніцтва.
Лілія Іўчанка, "Віцебскія весці"