Усё большая колькасць бежанцаў аддае перавагу заставацца жыць у Беларусі
13 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Усё большая колькасць замежнікаў, якія атрымалі статус бежанца, аддаюць перавагу заставацца ў Беларусі. З краіны транзіту Беларусь ператвараецца ў краіну пражывання, канстатавала сёння на пасяджэнні круглага стала "Інтэграцыя бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь: пытанні занятасці і сацыяльнай абароны" галоўны спецыяліст аддзела па пытаннях бежанцаў і прытулку дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Наталля Сакалоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Калі да 2005 года з 700 асоб, якія атрымалі з 1997 года статус бежанца, у Беларусі засталіся 300, то ў 2010 годзе з больш як 800 бежанцаў (лічачы з 1997 года. - Заўвага. БЕЛТА) Беларусь як краіну пражывання выбралі 600. Паводле даных дэпартамента, з 1997 года з хадайніцтвам аб прызнанні бежанцамі звярнуліся больш за 3,5 тыс. чалавек, атрымалі статус бежанца - 819. За гэты перыяд 117 чалавек страцілі статус у сувязі з атрыманнем грамадзянства Рэспублікі Беларусь. "Атрыманне грамадзянства з'яўляецца юрыдычнай стадыяй інтэграцыі бежанцаў у грамадства", - падкрэсліла Наталля Сакалоўская.
Значная частка хадайніцтваў аб прызнанні бежанцамі зыходзіць ад грамадзян Афганістана - каля 60%, прыкладна 11% прыпадае на грамадзян Грузіі, следам ідуць грамадзяне Таджыкістана. Сярод тых, хто хацеў бы ў Беларусі атрымаць статус бежанца, апошнім часам з'явіліся грамадзяне Расіі і Украіны. На іх долю прыпадае 3% і 2% зваротаў адпаведна.
У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца звыш 500 чалавек, прызнаных бежанцамі. Больш за ўсё такіх грамадзян на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці - 433 чалавекі, у Гомельскай вобласці - 66, Магілёўскай - 35, Віцебскай - 25, Гродзенскай - 14, Брэсцкай - 9. -0-