Усё робіцца для таго, каб беларуская прадукцыя не пайшла на расійскі рынак - М.Савельеў

16 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Распатребнадзор не жадае вырашаць праблему, звязаную з аднаўленнем паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расію. Пра гэта заявіў сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Савельеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "З кожным наступным разам пры вырашэнні папярэдняй праблемы ўзнікае новая, - падкрэсліў Міхаіл Савельеў. - Усё робіцца для таго, каб беларуская прадукцыя не пайшла на расійскі рынак". Намеснік міністра нагадаў, што беларуская дэлегацыя ўжо другі раз прыехала ў Маскву для вырашэння малочнай праблемы. "Мы не знаходзім узаемаразумення з Распатребнадзорам, - сказаў ён. - У першы раз мы чакалі тры дні, калі нас прыме кіраўнік Распатребнадзора. Цяпер нас спачатку прынялі добра, мы вызначылі парадак дзеянняў для таго, каб пачаліся пастаўкі беларускай прадукцыі. Сёння дамовіліся сустрэцца і падпісаць неабходныя пратаколы. Аднак раніцай было заяўлена, што наша дэлегацыя чамусьці нелегітымная. Хоць у нас ёсць усе дакументы і паўнамоцтвы. У другой палове дня ў Распатребнадзоре нам ніхто не адказваў нават на тэлефонныя званкі. Мы прыехалі сюды, нікога няма, на нашы просьбы звязаць з кіруючымі асобамі адказ быў адзін: яны недаступныя". Міхаіл Савельеў заявіў, што беларускі бок заўсёды гатовы аднавіць перамовы і "ў разумным тэмпе прыняць рашэнне". "Але мы не будзем інструментам у руках нейкіх людзей", - падкрэсліў Міхаіл Савельеў. -0-