Усе камунальныя прадпрыемствы ў Віцебскай вобласці завершаць у Год якасці працу па ўкараненні сістэмы ІSО 9001
4 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Усе прадпрыемствы камунальнай уласнасці ў Віцебскай вобласці ў Год якасці павінны завяршыць работы па ўкараненні і сертыфікаваць вытворчасці на адпаведнасць сістэме менеджменту якасці серыі ІСО 9001. Такая задача пастаўлена перад прадпрыемствамі праектам рэгіянальнага плана мерапрыемстваў па правядзенні Года якасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар РВУП "Віцебскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі" Павел Якаўлеў.
Па дадзеных на 1 студзеня 2010 года ў вобласці 221 прадпрыемства з'яўляецца ўладальнікам сертыфікатаў ІСО 9001, з іх 71 - камунальнай уласнасці. У бягучым годзе ў адпаведнасці з дзяржпраграмай "Якасць" плануецца завяршыць работу па сертыфікацыі вытворчасцей на адпаведнасць сістэме менеджменту якасці на астатніх 32 прадпрыемствах, падведамных мясцовым органам кіравання.
Перапрацоўваючым прадпрыемствам камунальнай уласнасці ў Год якасці трэба будзе ўкараніць сістэму кіравання якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў на аснове аналізу рызык і крытычных кантрольных кропак (HACCP). Пакуль у вобласці 21 прадпрыемства з'яўляецца ўладальнікам гэтага сертыфіката. Як падкрэсліў Павел Якаўлеў, перад вытворцамі прадуктаў харчавання пастаўлена яшчэ адна няпростая задача, абумоўленая неабходнасцю асваення новых рынкаў збыту, - асвоіць методыкі выпрабаванняў і лабараторных даследаванняў, якія адпавядаюць дырэктывам ЕС. Яе рашэнне будзе залежаць ад зладжанасці дзеянняў санітарных, ветэрынарных службаў і Дзяржстандарта.
Нараўне з арганізацыйнымі мерапрыемствамі праект плана мерапрыемстваў Года якасці ў вобласці ўключае тэхналагічны і тэхнічны раздзелы. У іх уключаны мерапрыемствы, звязаныя з тэхнічным перааснашчэннем, мадэрнізацыяй вытворчасцей, асваеннем новых тэхналогій, якія павінны спрыяць выпуску якаснай прадукцыі. Як адзначыў Павел Якаўлеў, "прышоў час, калі пры выбары тавару цэнавы фактар саступае месца якасным паказчыкам".
Праект абласнога плана мерапрыемстваў па правядзенні Года якасці ўзгоднены з усімі службамі аблвыканкама і ў бліжэйшы час будзе вынесены на разгляд членаў абласнога выканаўчага камітэта. -0-