Усе немаўляты Оршы сёлета атрымаюць пасведчанні народжаных у год 950-годдзя горада
Пачатак такой акцыі пакладзены сёння ў Аршанскім раддоме, дзе па традыцыі павіншавалі жанчын, якія сталі мамамі на праваслаўнае Раство. "Райвыканкам сумесна з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы - аршанскага благачыння, грамадскіх арганізацый кожны год віншуюць мам дзяцей, народжаных у гэты свята, уручаюць падарункі. На гэты раз новаўвядзеннем сталі віншавальныя пасведчанні ад старшыні райвыканкама і раённага аддзялення Беларускага фонду міру народжаным у Оршы ў год 950-годдзя горада. Такія ж памятныя дакументы мы будзем уручаць усім нованароджаным гэтага года", - растлумачыў Юрый Трыбушэўскі. Першымі ўладальнікамі пасведчанняў сталі 4 хлопчыкі і 6 дзяўчынак, якія з'явіліся на свет у калядныя святы 6-7 студзеня. Таксама работнікі гарадскога Палаца культуры падрыхтавалі міні-канцэрт у актавай зале бальніцы для шчаслівых мам. А яшчэ ім уручаны падарункавыя наборы, каб першыя месяцы жыцця ў сем'ях было ўсё неабходнае для догляду за малымі.
"Апошнім часам у Аршанскім раддоме штогод з'яўляюцца на свет у сярэднім 1,7 тыс. малышоў. Разлічваем і ў 2017-м не апускаць планку. Праз паўвека, у год тысячагоддзя Оршы, мы верым, што ўсе ўладальнікі гэтых пасведчанняў з гонарам пакажуць іх ужо сваім дзецям і ўнукам", - заключыў Юрый Трыбушэўскі. Акрамя таго, раённая арганізацыя БФМ працягвае міратворчую акцыю "Дом там, дзе сэрца", падчас якой з 20 снежня па 20 студзеня ўручаюцца падарункі дзецям у розных сацустановах. Сёння па гэтай акцыі Аршанскі раддом таксама атрымаў прэзент - камп'ютарную і арганізацыйную тэхніку для арганізацыі работы па прапагандзе здаровага мацярынства і дзяцінства.
Кацярына Князева - БЕЛТА.