Усе шматкватэрныя жылыя дамы Віцебскай вобласці да 1 кастрычніка абсталююць аўтаматычнымі сістэмамі асвятлення
Аўтаматычныя сістэмы асвятлення будуць устаноўлены ў месцах агульнага карыстання ўсіх шматкватэрных жылых дамоў Віцебскай вобласці да 1 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама.
У цяперашні час аўтаматычнымі сістэмамі асвятлення, якія рэагуюць на рух і гук, абсталявана каля 62% жыллёвага фонду вобласці. Да пачатку новага ацяпляльнага сезона плануецца ўсталяваць яшчэ 50 тыс. светлавых кропак. Такім чынам, да 1 кастрычніка ў рэгіёне будзе завершана праца па ўстаноўцы энергаэфектыўных сістэм асвятлення ў жылых шматкватэрных дамах.
Актуальным з'яўляецца і пытанне страт цеплавой энергіі. Па падліках спецыялістаў, у зімовы перыяд Віцебская вобласць губляла ў сетках больш за 18% цеплавой энергіі (планавы паказчык 17%). Да ацяпляльнага перыяду 2013/2014 года ў рэгіёне плануюць замяніць 120 км сетак і забяспечыць змяншэнне страт цяпла пры яго дастаўцы да спажыўцоў да 16,3%.
Акрамя таго, камунальнікі рэгіёну за летні перыяд плануюць правесці рэканструкцыю 6 кацельняў агульнай магутнасцю 18 МВт. Мадэрнізацыя закране цеплакрыніцы ў Гарадку, Расонах, Глыбокім, Чашніках, Талачыне і вёсцы Слабада Шумілінскага раёна. Тут будуць устаноўлены катлы, якія працуюць на мясцовых відах паліва. Гэта дазволіць значна скараціць спажыванне імпартнага прыроднага газу.
Будзе працягнута праца па цеплавой мадэрнізацыі жыллёвага фонду вобласці. Плануецца ўцяпліць 54 тыс. кв.м сцен (каля 20-25 дамоў у 5 паверхаў).
Увесь комплекс работ па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона ў Віцебскай вобласці будзе завершаны да 15 верасня. Планаваныя інвестыцыі - Br120 млрд.