Усе прамысловыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці ўвойдуць у рэгіянальнае дзяржаўнае аб'яднанне

Стварэнне дзяржаўнага аб'яднання прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці дазволіць Віцебскай вобласці больш эфектыўна вырашаць праблемы суб'ектаў гаспадарання. Гэта адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, размаўляючы з журналістамі па выніках наведвання машынабудаўнічай кампаніі "Віцебскія пад'ёмнікі".

Па словах губернатара, праблемы некаторых прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці, размешчаных у Віцебскай вобласці, звязаны з тым, што страчаны міжзавадскія сувязі. Калісьці гэтыя вытворцы працавалі ў цеснай звязцы з буйнымі беларускімі прадпрыемствамі, выпускаючы для іх камплектуючыя.

"Цяпер гэтага няма, адпаведна нашы прадпрыемствы, якія былі арыентаваны на выпуск нейкай канкрэтнай прадукцыі, апынуліся без працы. Іх трэба або перапрафіляваць, або знаходзіць новую нішу. Для вырашэння гэтых пытанняў мы і стварылі дзяржаўнае аб'яднанне прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці, куды ўвойдуць усе прадпрыемствы камунальнай формы ўласнасці. Больш таго, прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці ў бліжэйшы час таксама будуць перададзены ў камунальную і ўвойдуць у аб'яднанне. Такім чынам, мы зможам вырашаць праблемы вытворцаў нашага рэгіёну, не чакаючы ўмяшання рэспубліканскіх структур", - сказаў Мікалай Шарснёў.

Мяркуецца, што аб'яднанне дазволіць аптымізаваць кіраванне прадпрыемствамі - кіраўніцкія функцыі будуць сканцэнтраваны ў адным органе. Акрамя гэтага, будзе забяспечаны комплексны кантроль над дзейнасцю прадпрыемстваў і іх развіццём, павысіцца эфектыўнасць кіравання дзяржаўнай уласнасцю. Асноўныя мэты аб'яднання - эфектыўнае вырашэнне гаспадарчых пытанняў, рэалізацыя планаў рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей, павелічэнне экспартных паставак, паляпшэнне вытворчай кааперацыі.

Алена Ціханава - БЕЛТА.