Усе раёны Віцебскай вобласці прыступілі да сяўбы азімага рапсу

29 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Усе раёны Віцебскай вобласці прыступілі да сяўбы азімага рапсу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў. Па даных на 29 ліпеня, пасеяна каля 2,7 тыс.га, што складае 3,1% плана. Асобныя гаспадаркі толькі прыступаюць да пасяўных работ з гэтай культурай. У бліжэйшыя дні вобласць мяркуе выйсці на масавую сяўбу. Сёлета азімы рапс плануецца пасеяць на плошчы каля 86 тыс.га. Дажджы з навальніцамі, якія прайшлі 28 ліпеня, негатыўна адбіліся на тэмпе ўборачнай кампаніі ў вобласці. Так, калі да ўчарайняга дня ў рэгіёне ўбіралася штодзень па 5% пасяўных плошчаў, то за 28 ліпеня ўдалося скасіць толькі 2% збожжавага кліну, адзначыў Іван Фёдараў. Пры гэтым намалочана 19,3 тыс.т збожжа, што больш чым у два разы менш, чым у папярэднія дні. Гаспадаркі дзевяці раёнаў вобласці не змаглі ўбраць нават і па 1% плошчаў. Ва Ушацкім, Бешанковіцкім і Лепельскім раёнах 28 ліпеня скасілі адпаведна толькі 38 га, 85 га і 95 га (у папярэдні дзень у гэтых раёнах было ўбрана 576 га, 924 га і 791 га адпаведна). Усяго ў вобласці збожжавыя і збожжавыя бабовыя ўбраны на плошчы больш за 170 тыс.га, або амаль 38% плана. Намалочана звыш 415 тыс.т збожжа, ураджайнасць складае 24,3 ц/га. Па тэмпах уборкі ў лідарах гаспадаркі Лёзненскага (убрана 46,5% плошчаў), Сенненскага (45,9%) і Лепельскага (45,1%) раёнаў. Самая высокая ўраджайнасць збожжавых (у сярэднім 33,5 ц/га) атрымана ў гаспадарках Аршанскага раёна.-0-