Усе раёны Віцебскай вобласці прыступілі да ўборкі піваварнага ячменю
29 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Усе раёны Віцебскай вобласці прыступілі да ўборкі піваварнага ячменю, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Па даных на 29 ліпеня, усяго скашана каля 800 га плошчаў гэтай культуры, што складае 3,4% агульнай плошчы яе пасеваў, пры гэтым намалочана каля 2,3 тыс.т, а сярэдняя ўраджайнасць перавышае 27,5 ц/га. Сёлета ў вобласці пасевы піваварнага ячменю пашыраны ў 3,5 раза да 24,3 тыс.га. Гаспадаркам трэба выканаць павышаны дзяржзаказ па гэтай культуры, які вызначаны ў аб'ёме 30 тыс.т і павялічаны ў параўнанні з 2010 годам у 3,5 раза.
У цэлым па вобласці збожжавыя і зернебабовыя скашаны на плошчы амаль 106 тыс.га, або каля 23,5% ад плошчаў, што падлягаюць уборцы. Намалочана больш за 328,5 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31 ц/га. Лідыруюць на ўборачнай Чашніцкі раён, дзе збожжавыя скашаны амаль на 41% плошчы, што падлягае ўборцы, і Глыбоцкі раён (36,1%). Самая высокая ўраджайнасць у гаспадарках Аршанскага (35,5 ц/га) і Бешанковіцкага (35 ц/га) раёнаў. У кошт дзяржзаказу гаспадаркі вобласці здалі амаль 42 тыс.т збожжа, што складае каля 22,6% да плана. Лён выцерабілі на плошчы больш за 4 тыс.га, або амаль 22% да плана.-0-