Усе рэканструяваныя фермы ў Віцебскай вобласці будуць абсталяваны даільнымі заламі і робатамі
22 жніўня, талочынскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская вобласць пераглядае планы рэканструкцыі малочна-таварных ферм і адмаўляецца ад ферм з малакаправодамі. Пра гэта сёння на семінары-нарадзе з кіраўнікамі раёнаў і прадпрыемстваў, якія прымаюць удзел у рэалізацыі праграмы рэканструкцыі ферм, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выконваючы даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзеныя 21 жніўня падчас наведвання агракамбінатаў "Дзяржынскі" і "Ждановічы", у Віцебскай вобласці ўсе фермы, запланаваныя да рэканструкцыі ў 2012 годзе, будуць здадзены з даільнымі заламі і робатамі. Раней планавалася з 228 ферм з даільнымі заламі і робатамі здаць усяго 43, затым іх колькасць павялічылася да 96. Астатнія 132 фермы гаспадаркі мелі намер аснашчаць малакаправодамі. "Нам неабходна рэканструяваць старыя фермы ў малочна-таварныя комплексы, своеасаблівыя біятэхналагічныя комплексы з даільнымі заламі, памяшканнямі для ўтрымання жывёлы: ад цялят да дайнага статка", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Гаворачы аб рэканструкцыі ферм, губернатар падкрэсліў, што выкананне гэтай задачы дазволіць не толькі нарасціць аб'ёмы вытворчасці малака і мяса, але і дасць імпульс да адраджэння вёскі. У Віцебскай вобласці больш за 6 тыс. населеных пунктаў. За час рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця сяла 254 населеныя пункты сталі аграгарадкамі. Аднак астатнія населеныя пункты не атрымалі належнага развіцця. "З'яўленне жывёлагадоўчага комплексу ў такой вёсцы - гэта магчымасць людзям атрымаць годную працу, гэта прыцягненне дадатковых кадраў, і ў выніку - павелічэнне колькасці жыхароў вёскі", - упэўнены старшыня аблвыканкама.
Аляксандр Косінец звярнуў увагу кіраўнікоў раёнаў, старшынь райсаветаў на неабходнасць комплекснага падыходу да рэканструкцыі ферм. "Разам з фермай неабходна прывесці ў парадак дарогі, добраўпарадкаваць населеныя пункты, адрадзіць сацыяльную сферу. Галоўнае для нас - людзі", - падкрэсліў ён.
Рэканструкцыю 228 ферм плануецца завяршыць да канца бягучага года. У перспектыве да 2015 года ў вобласці плануецца рэканструяваць звыш 500 малочна-таварных ферм з малакаправодамі ў комплексы з даільнымі заламі. Акрамя рамонту ў рэгіёне ў бягучым годзе плануецца пабудаваць сем малочна-таварных комплексаў. Сродкі на выкананне гэтых планаў неабходна знайсці ў першую чаргу за кошт нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці малака і мяса і іх рэалізацыі, падкрэсліў Аляксандр Косінец.-0-