Усе ўмовы для падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа створаны ў віцебскім УША

Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шамко наведаў Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Міністр азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай навучальнай установы, наведаў вучэбныя класы, лыжаролерную трасу са стралковым стрэльбішчам, пасля чаго сустрэўся з выхаванцамі біятлоннага аддзялення і ўручыў дырэктару вучылішча Уладзіміру Машнюку сертыфікат на 20 тысяч рублёў.

— Радуе, што Віцебская вобласць, якая з'яўляецца кузняй маладых біятланістаў, прырастае новымі спартыўнымі збудаваннямі. Адзначу пры гэтым падтрымку старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва, які ўласным прыкладам прыцягвае грамадзян да здаровага ладу жыцця, паказвае выдатныя вынікі ў гіравым спорце, — падкрэсліў міністр падчас наведвання вучылішча.

Прывіталі маладых спартсменаў таксама старшыня абласной федэрацыі біятлона Сяргей Феактыстаў і начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч.

У гэты дзень адна з самых яркіх выхаванак вучылішча — двухразовая чэмпіёнка свету сярод юніёраў, уладальніца юніёрскага кубка IBU — Дар'я Блашко перадала ў фонд музея навучальнай установы адну са сваіх першых узнагарод — залаты медаль юніёрскага Кубка свету. Дар'я таксама адказала на шматлікія пытанні юных выхаванцаў біятлоннага аддзялення.

— У лістападзе наша навучальная ўстанова адзначыць 50-годдзе, і да гэтай даты мы падыходзім з добрымі паказчыкамі. Нядаўна скончылі ўкладку спецыялізаванага лёгкаатлетычнага пакрыцця на стадыёне, працуем над музейнай экспазіцыяй, на чарзе — рамонт залы цяжкай атлетыкі. На грошы, перададзеныя міністрам, плануем завяршыць рамонт лыжаролернай трасы. Усё гэта неабходна для падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа, асноўнага складу нацыянальных зборных і рэзерву, а таксама кваліфікаваных педагогаў, спецыялістаў у галіне фізічнай культуры і спорту, — падкрэсліў дырэктар вучылішча У.Машнюк.

Дзмітрый КОНАХАЎ. Фота і відэа Алега Клімовіча. «Віцьбічы».