У Віцебскай вобласці адзначаецца ўсплёск 100-бальных вынікаў ЦТ па беларускай мове

8 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Усплёск 100-бальных вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове адзначаецца сёлета ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага рэгіянальнага цэнтра тэсціравання Аляксандр Сувораў. Максімальны вынік па гэтай дысцыпліне ўдалося набраць 12 абітурыентам супраць аднаго ў 2008 годзе. Атрымаць найвышэйшы бал змаглі таксама па трое разумнікаў і разумніц на тэсціраванні па біялогіі і матэматыцы, а таксама адзін - па рускай мове. Разам з тым нулявы вынік стаў ацэнкай ведаў 14 абітурыентаў па матэматыцы, аднаго - па беларускай мове і 24 - па фізіцы. Па апошнім прадмеце склаўся самы нізкі сярэдні бал сярод усіх дысцыплін - ён склаў 19,3, адзначыў суразмоўца. Самая высокая сярэдняя планка (40,2 бала) у беларускай мовы. Усяго сёлета на ЦТ у Віцебскай вобласці зарэгістраваліся 51,7 тыс. абітурыентаў. Няяўка склала 1155 чалавек. Падчас здачы экзамену з аўдыторый былі выдалены дзевяць маладых людзей. Асноўнай прычынай гэтаму паслужыла выкарыстанне імі мабільных тэлефонаў. У цэлым ЦТ у рэгіёне прайшло спакойна. Выразна і арганізавана, без якіх-небудзь інцыдэнтаў спрацавалі ўсе восем пунктаў тэсціравання, дадаў Аляксандр Сувораў.-0-