Сустрэча «Лініі супрацоўніцтва і развіцця: Латвія – Беларусь» адбылася ў Віцебску

У Віцебску ў «Духаўскім круглику» адбылася сустрэча «Лінія супрацоўніцтва і развіцця: Латвія – Беларусь», прысвечаная 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.

– Нас многае аб’ядноўвае: і рака Заходняя Дзвіна – Даўгава, і агульная гісторыя, і культурныя традыцыі. Віцебск ужо немагчыма ўявіць без традыцыйных Дзён Латвіі, якія праходзяць у лістападзе, калі краіна-суседка адзначае Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі. Повязі цеснай дружбы, таварыства і узаемаразумення ёсць і на ўзроўні ўлады, і на ўзроўні простых людзей, – сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён падзякаваў усім, хто ўсе гэтыя гады імкнуўся да ўмацавання адносін дзвюх краін, у прыватнасці, пасольству і консульству Латвіі.

Як адзначыў Прызначаны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс, калі 25 гадоў для чалавека – малады ўзрост, то для супрацоўніцтва дзвюх краін – гэта ўжо грунтоўная дата, адносіны, пабудаваныя на падмурку даверу.

– Сёння чатыры самакіраванні перападпісалі дагаворы аб супрацоўніцтве ў сувязі з тым, што за апошнія 10 – 15 гадоў узаемадзеянне дзвюх краін так развілося, што перарасло агавораныя раней рамкі, – паведаміў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпісе Уладзімір Клімаў.

– Гледзячы ў залу, я бачу тых, з кім ужо нямала праектаў ажыццявілі, і яшчэ многае наперадзе. Калі вы прыйшлі на гэтае мерапрыемства, значыць, 25 гадоў мы разам пражылі не дарэмна, – сказаў кіраўнік Консульства Латвійскай Рэспублікі ў горадзе Віцебску Угіс Скуя.

На гэтай жа сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі «Консульства і консулы Латвіі ў Віцебску», аўтарамі якой з’яўляюцца прафесар Латвійскага ўніверсітэта Эрыкс Екабсонс і Максім Каралёў, старэйшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, каардынатар навукова-даследчага праекта «Латышы і беларусы: разам праз стагоддзі». Максім Каралёў распавёў аб этапах працы над выданнем, дзякуючы якому

чытач зможа азнаёміцца з дзейнасцю латвійскага консульства ў Віцебску на працягу XX стагоддзя.

Алена АЛІМАВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».