Другая чарга лыжаролернай трасы ў Наваполацку ўведзена ў строй
У ходзе рэалізацыі міжнароднага праекта «Жыццё ў руху» на базе Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву адбылося ўрачыстае адкрыццё другой чаргі лыжаролернай трасы. На працягласці 2,5 км тут устаноўлена 69 пражэктараў. Сучаснае асвятленне дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць спартыўны аб'ект у цёмны час сутак.
Пабудаваная год таму лыжаролерная траса стала выдатнай трэніровачнай базай для беларускіх і замежных спартсменаў, а таксама годнай пляцоўкай для правядзення спаборніцтваў нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню. Яна з'яўляецца адной з самых складаных у Беларусі, мае стромкія павароты, спускі і ўздымы. Агульны перапад вышынь дасягае 156 метраў, па раўніне пралягае ўсяго 350 м шляху. Адзін круг па нагрузцы аналагічны пераадоленню 156-метровай гары. На закупку асвятляльнага абсталявання, выкананне будаўніча-мантажных і пусканаладачных работ было выдаткавана 43650 еўра. Гэта сродкі першага транша фінансавай дапамогі Еўрапейскага Саюза. Усяго Еўрасаюз выдзеліў наваполацкаму вучылішчу 72 тысячы еўра, яшчэ 7 тыс. дадалі мясцовыя ўлады.
У міжнародным праекце прымаюць удзел 11 партнёраў з гарадоў Латвіі і Беларусі. Іх галоўная мэта - палепшыць якасць жыцця жыхароў памежных рэгіёнаў дзвюх краін, павысіць прывабнасць гэтых тэрыторый з дапамогай развіцця інфраструктуры для актыўнага ладу жыцця.
Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву падключылася да працы ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва «Літва – Латвія - Беларусь» летась. Заяўка была адобрана Еўрапейскай камісіяй, а пасля ўзгаднення і зацвярджэння ў Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь былі выдзелены сродкі.
У верасні правялі мантаж свяцілень на апоры, усталявалі шчыт вонкавага асвятлення. У кастрычніку філіял электрамантажнае кіраванне №8 «БелЭлектраМонтаж» правёў пусканаладачныя работы па падключэнні да сістэмы электразабеспячэння, праверку ўсіх прыбораў, было адрэгулявана іх становішча для максімальнага асвятлення трасы. Усе работы былі выкананы якасна і ў устаноўленыя тэрміны.
І вось 5 лістапада ў Наваполацку адбылося пасяджэнне рабочай групы і кіруючага камітэта праекта трансгранічнага супрацоўніцтва «Жыццё ў руху». А затым госці прайшлі ў Баравуху, дзе размяшчаецца вучылішча алімпійскага рэзерву, для ўдзелу ў урачыстасці. Пад апладысменты прысутных асвятленне было ўключана, адбыліся паказальныя заезды біятланістаў. Павіншаваць навапалачан прыехалі прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму і Рэспубліканскай федэрацыі біятлона, якія падарылі вучылішчу 4 мелкакаліберныя вінтоўкі і 65200 патронаў на суму 100 млн рублёў.
Ад імя гарадскіх уладаў прысутных прывітала старшыня Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава, якая ўручыла прадстаўнікам вучылішча сертыфікат на 30 мільёнаў рублёў на набыццё спартінвентару.
Работа над праектам, як распавёў дырэктар спартыўнай установы Валерый Гушчын, будзе працягнута. Плануецца пашырэнне і асвятленне біятлоннага стрэльбішча, набыццё снегахода «Буран», лыжнага інвентару для базы пракату. У прыватнасці, будуць закуплены 50 камплектаў лыж і 40 пар палок для скандынаўскай хадзьбы. Гэты від актыўнага адпачынку папулярны ў Еўропе, у вучылішчы таксама створана першая група аматараў з 8 чалавек.
Карыстацца паслугамі пракату змогуць усе ахвотныя. З уводам новага аб'екта вучылішча пашырыць спектр паслуг для насельніцтва, прыцягваючы да здаровага ладу жыцця як мага больш грамадзян. А выхаванцы атрымаюць магчымасць палепшыць вучэбна-трэніровачны працэс, паколькі другая трэніроўка ў іх пачынаецца ў 16.30, а светлавы дзень цяпер не працяглы.
Па словах намесніка дырэктара Вольгі Сотнікавай, сёння ў вучылішчы біятлонам займаюцца 30 чалавек, яшчэ па 12 - лыжнымі гонкамі і спартыўнай хадзьбой. Аддзяленне біятлона трэці год запар трымае першае месца ў краіне.
У склад нацыянальнай зборнай кожны год уваходзяць 10-12 наваполацкіх біятланістаў. Мясцовы выпускнік Яўген Абраменка цяпер з'яўляецца кандыдатам на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Сочы. Удасканаленне трэніровачнай базы, без сумневу, дапаможа замацаваць поспех і палепшыць дасягненні нашых спартсменаў.
Ларыса Малашаня, "Віцебскія весці"