Другое жыццё сацыяльных аб'ектаў: былыя школы і дзіцячыя сады складаюць траціну прададзеных «Віцебскаблмаёмасць» будынкаў

З пачатку года на аўкцыёнах камітэта «Віцебскаблмаёмасць» прададзена амаль у паўтара раза больш будынкаў і збудаванняў, чым за аналагічны перыяд 2017-га.

Кожны трэці з іх – былыя школы, дзіцячыя сады і іншыя сацыяльныя аб'екты пераважна ў сельскай мясцовасці. Нерухомасць разбіраюць пад розныя мэты: буйныя прадпрыемствы для развіцця вытворчасці і сацыяльнай сферы, малы бізнес для дыверсіфікацыі дзейнасці, фізічныя асобы пад жыллё, а дзелавыя людзі для адраджэння малой радзімы.

За гэты перыяд рэалізавана 45 аб'ектаў дзяржмаёмасці на агульную суму амаль 1,1 млн рублёў (за аналагічны перыяд 2017-га – больш за 280 тыс. руб.). Нават з надыходам летніх месяцаў, калі традыцыйна для бізнесу надыходзіць зацішша, у «Віцебскаблмаёмасці» працягвае актыўна стукаць малаток аўкцыёніста.

На таргах 19 чэрвеня ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» набыло амаль за 13,3 тыс. руб. будынкі дзіцячага сада і кацельні ў вёсцы Шуневічы, што ў пары кіламетраў ад райцэнтра. Перамога дасталася ва ўпартай барацьбе на 49-м кроку.

Як растлумачыў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Лейчанок, нерухомасць плануецца рэканструяваць і мадэрнізаваць пад жыллё для супрацоўнікаў інтэграцыйнай структуры, а кацельня будзе выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні. Раней акцыянернае таварыства набыло для аналагічных мэт і размешчаную тут жа былую школу.


Будынак былой школы на Аршаншчыне дазволіць прыватнаму прадпрыемству падвоіць магутнасці па выпуску фармпрадукцыі


Уключэнне ў абарот невыкарыстоўванага будынка былой школы ў вёсцы Пішчалава Аршанскага раёна дазволіць ТАА «Каліна» падвоіць вытворчыя магутнасці па выпуску фармацэўтычнай прадукцыі, а таксама развіць сацыяльную інфраструктуру населенага пункта.

Прадпрыемства набыло нерухомасць па выніках аўкцыёну ў «Віцебскаблмаёмасці» за 25,2 тыс. руб. Двухпавярховы корпус школы мае тры крылы, два з якіх кампанія мае намер мадэрнізаваць пад вытворчую дзейнасць, а тая частка, дзе размешчаны спартыўны і актавы залы, сталовая, захавае функцыянальнае прызначэнне і будзе служыць мясцовым жыхарам, растлумачыў кіраўнік кампаніі Уладзімір Мурашка.

ТАА «Каліна» займаецца вырошчваннем лекавых раслін і выпускам лекавых сродкаў, збораў, а таксама прадукцыі раслінаводства. За кошт былых навучальных памяшканняў прадпрыемства разлічвае пашырыць вытворчую пляцоўку па перапрацоўцы ўласнай сыравіны і выпуску гатовай прадукцыі. Гэта дазволіць наросціць экспартныя магчымасці прадпрыемства, а таксама стварыць дадаткова парадку дзесяці працоўных месцаў.


Асноўная мэта прадпрымальніцкай ініцыятывы – захаваць прывабнасць жыцця ў вёсцы


Што тычыцца сацыяльнай часткі праекта, то асноўная мэта прадпрымальніцкай ініцыятывы – захаваць прывабнасць жыцця ў вёсцы, якая для Уладзіміра Мурашкі з'яўляецца малой радзімай і дзе базуецца кіраванае ім прадпрыемства.

– Мой бацька адпрацаваў тут амаль 36 гадоў, узначальваў мясцовы калгас, які, дарэчы, і будаваў у свой час школу, так што пасля яе закрыцця ў 2017 годзе з'явілася жаданне зрабіць нешта для захавання будынка, – сказаў прадпрымальнік.

Акрамя мадэрнізацыі былых школьных памяшканняў прадугледжваецца абнавіць інфраструктуру для здаровага ладу жыцця на базе былога школьнага стадыёна з футбольным полем і спортпляцоўкай.

Сёння ў вёсцы пражываюць і пенсіянеры, і моладзь, таму ёсць патрэба ў арганізацыі розных мерапрыемстваў (вяселлі, дні нараджэння), якія можна будзе праводзіць у абноўленай сталовай, актавай зале школы, будуць запатрабаваны і спартыўныя аб'екты.


Карыстаюцца попытам і віцебскія аб'екты


Напачатку тыдня набылі новых уласнікаў два дарэвалюцыйныя будынкі недалёка ад чыгуначнага вакзала і Полацкага рынку ў раёне пуцеправода «Полацкі» па вуліцы Мічурына.

Адміністрацыйны будынак з гаражом і інжынернымі камунікацыямі плошчай звыш 1 тыс. кв. м прададзены на 59-м кроку аўкцыёніста, калі цана павялічылася ў 429 разоў і склала больш за 42 тыс. руб. Пераможцам стала віцебскае ТАА «ВелесАграГаспадар», якое спецыялізуецца на рамонце і камп'ютарнай дыягностыцы сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання.

Па словах прадстаўніка кампаніі, нерухомасць плануецца выкарыстоўваць для пашырэння вытворчай дзейнасці, што дазволіць дадаткова стварыць да 15 працоўных месцаў.

Размешчаныя па суседстве майстэрні плошчай амаль 215 кв. м набыў індывідуальны прадпрымальнік за суму каля 6 тыс. руб. Ён арандуе на гэтай пляцоўцы частку будынка пад вытворчасць мэблі.

Набываючы нерухомасць, бізнесмен разлічвае мінімізаваць рызыкі, звязаныя з арэндай, і пашырыць лінейку мадэляў мэблі, у тым ліку асвоіўшы іх выпуск з масіву дрэва, а таксама ўкараніць аперацыі з металам.

Усяго ў 2018 годзе на аўкцыёны плануецца выставіць больш за 240 будынкаў.

"Віцебскія весці".