Другі арэндны дом у Віцебску прымае навасёлаў
Другі арэндны дом у Віцебску прымае навасёлаў: сёння ім урачыста ўручаць ключы ад кватэр, паведамілі ў Віцебскім гарвыканкаме.
Шматкватэрны цагляны дом па вул. Багатырова, 15 узведзены прадпрыемствам \"Віцебскаблсельбуд\" па замове УКСа амаль за паўтара года. \"Увод адбыўся ў канцы сакавіка, і да нас паступіла каля 700 заяў ад прэтэндэнтаў. У выніку кватэры размеркаваліся так: 87 тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, 11 чалавек, адселеных з дамоў, непрыдатных для пражывання, і 22 - грамадзяне, якія маюць права на пазачарговае атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, гэта значыць на перыяд працоўных адносін\", - адзначыла начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі гарвыканкама Марына Арэшчанка. Пры гэтым яна падкрэсліла, што сярод заяўнікаў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу, было шмат тых, хто 10 і нават 20 гадоў стаіць у чарзе і не можа дазволіць сабе будаўніцтва, бо не мае права на атрыманне льготнага крэдыту. Так што арэнднае жыллё - лепшая альтэрнатыва для іх. Дагавор найму заключаецца на 5 гадоў, а для так званых першачарговікаў - на перыяд працоўных адносін. Для іх жа ў арэнднай плаце прымяняецца паніжальны каэфіцыент, які змяншае кошт выкарыстання жылля ў 10 разоў.
\"Пры выкананні жыльцамі ўмоў карыстання і аплаты праз 5 гадоў дагавор можа быць заключаны на новы тэрмін. А пры парушэнні, наадварот, скасаваны раней часу. Але, зыходзячы з першага арэнднага дома, які быў уведзены па суседстве ў 2014 годзе, жыльцы трымаюцца за свае кватэры, ніхто яшчэ не быў выселены. Дарэчы, у той дом заяўкаў было яшчэ больш - амаль 900. І са 120 кватэр 102 атрымалі тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў\", - дадала Марына Арэшчанка. Пры гэтым яна запэўніла, што ў далейшым гэты сегмент жыллёвага фонду будзе развівацца.
Кацярына Князева - БЕЛТА.