Другі этап маніторынгу стану работы дзяржорганаў з насельніцтвам пройдзе ў Віцебскай вобласці

Другі этап маніторынгу стану работы дзяржорганаў з насельніцтвам пройдзе ў Віцебскай вобласці 25-26 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці.

На выкананне даручэння Прэзідэнта Беларусі міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні КДК Леаніда Анфімава правядзе другі этап маніторынгу стану работы дзяржаўных органаў і арганізацый Віцебскай вобласці па вырашэнні найбольш вострых праблем, якія хвалююць насельніцтва. Спецыялісты будуць працаваць у Браслаўскім (25 лістапада), Верхнядзвінскім і Пастаўскім раёнах (26 лістапада). Рабочая група правядзе выязныя прыёмы грамадзян, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў, грамадскасці, прафсаюзных і моладзевых арганізацый.

"Спектр тэм разнастайны: ад пытанняў работы будаўнічых арганізацый, аб'ектаў сацыяльнай сферы, арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі да фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў, стану спажывецкага рынку, законнага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных, дзяржаўных сродкаў і аб'ектаў дзяржмаёмасці. Кожнае паступіўшае пытанне будзе старанна разгледжана і атрымае адпаведную ацэнку, а канструктыўныя прапановы прааналізуюць для далейшага выкарыстання", - падкрэслілі ў КДК.

Першы этап маніторынгу быў праведзены ў маі-чэрвені ў Дубровенскім і Гарадоцкім раёнах, а таксама ў Віцебску. Тады ў міжведамасную групу паступілі скаргі на несвоечасовасць выплаты зарплаты, узнімаліся пытанні прыватызацыі жылля, якасці гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва, работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш. У шэрагу выпадкаў былі ўстаноўлены недахопы і парушэнні заканадаўства, ушчамленне законных правоў і інтарэсаў грамадзян, цяганіна ў вырашэнні іх жыццёвых праблем.

Па выніках першага этапу маніторынгу аблвыканкамам, па даручэнні кіраўніка міжведамаснага рабочага гурта - старшыні КДК, прыняты дзейсныя меры, якія забяспечваюць ухіленне выяўленых у ходзе маніторынгу недахопаў і парушэнняў, прыцягненне да адказнасці вінаватых асоб, а таксама павышэнне якасці работы дзяржорганаў і арганізацый з насельніцтвам Віцебскай вобласці.

Алена Ціханава