Другі прагулачны цеплаход з'явіцца на Заходняй Дзвіне да XX фестывалю "Славянскі базар у Віцебску"
31 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Другі прагулачны цеплаход пачне курсіраваць па Заходняй Дзвіне да ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Пінскі ордэна Знак Пашаны суднабудаўніча-суднарамонтны завод" будуе яшчэ адно судна для Віцебска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Шэрыкаў.
Неабходнасць набыцця другога цеплахода абумоўлена велізарнай папулярнасцю водных прагулак як сярод гараджан, так і сярод гасцей горада. Першы за апошнія два дзесяцігоддзі цеплаход, названы "Віцебск", з'явіўся на Заходняй Дзвіне 9 кастрычніка 2010 года. Нягледзячы на восеньскую пару, жадаючыя пакатацца на ім не пераводзіліся аж да заканчэння навігацыі. Цяпер белы прыгажун стаіць на стапелях у рачным порце і, верагодна, гэтак жа, як і віцябляне, з нецярпеннем чакае адкрыцця суднаходнага сезона.
Другі цеплаход, па словах Дзмітрыя Шэрыкава, будзе па класе такім жа, як і першы, але з большай колькасцю пасажырскіх месцаў. Судна з'яўляецца лёгкім і прызначана для плавання на малых і дробных рэках. Яго бясспрэчнай перавагай, гэтак жа як і цеплахода "Віцебск", будзе бясшумная праца рухавіка. Цеплаходы будуць курсіраваць як турыстычныя па Заходняй Дзвіне ў гарадской рысе: ад прычала на плошчы Перамогі да парка імя Савецкай Арміі з прыпынкам ля прычала недалёка ад месца ўпадзення Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну. Гэты маршрут працягласцю прыкладна 5 км пралягае ўздоўж маляўнічых берагоў, міма гістарычных і архітэктурных славутасцяў старажытнага горада.
Пакуль суднабудаўнікі вырабляюць новы цеплаход, віцябляне дасылаюць на сайт Віцебскага гарвыканкама прапановы па яго найменні, распавёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама Дзяніс Глуткін. Часцей за ўсё яны прапануюць даць яму імя ў гонар знакамітых землякоў. Магчыма, што гарадскім уладам давядзецца прыцягнуць дапамогу грамадскасці, каб выбраць імя новаму цеплаходу, бо вядома: як карабель назавеш, так ён і паплыве.
Па дадзеных аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама, у 2010 годзе ў горадзе аказана турыстычных паслуг на суму Br13,2 млрд., што на 29,5% больш, чым у 2009 годзе. Пры гэтым тэмп росту экспарту турыстычных паслуг, які характарызуе аб'ёмы ўязнога турызму, дасягнуў 150%. Па дадзеных за студзень бягучага года, тэмп росту экспарту турыстычных паслуг склаў 170%. -0-