ВНУ Беларусі пачалі выстаўляць на сваіх сайтах кошт навучання для першакурснікаў-платнікаў

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ВНУ Беларусі з 28 ліпеня пачалі выстаўляць на сваіх сайтах кошт навучання для першакурснікаў-платнікаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Першымі гэта зрабілі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (БДЭУ) і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава. Як паведамляе сайт БДЭУ, кошт навучання першакурсніка-платніка ў гэтай ВНУ за год складзе Br11 млн. 358 тыс. 600 або Br11 млн. 587 тыс. 500. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава навучанне студэнта-прававеда будзе каштаваць Br12 млн. 208 тыс. Навучанне тут жа на іншых спецыяльнасцях абыдзецца танней – Br10 млн. 758 тыс., для завочнага аддзялення цэны на паслугі значна ніжэйшыя – спецыяльнасць "правазнаўства" абыдзецца студэнту ў Br3 млн. 705 тыс. 600 за год, а астатнія спецыяльнасці – Br3 млн. 500 тыс. 600. Як распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве адукацыі, з гэтага года дагаворы на навучанне павінны падпісваць усе паступаючыя – і тыя, хто будзе залічаны на бюджэтную форму атрымання адукацыі, і тыя, хто будзе вучыцца платна. Дагаворы на навучанне ў гэтым годзе абавязаны падпісаць усе першакурснікі дзённага, завочнага, бюджэтнага і платных аддзяленняў, якія паступілі ў ПТВ, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і ВНУ. Падпісанне такога дагавора істотна дысцыплінуе як навучэнцаў і студэнтаў, так і педагогаў, і нават працадаўцаў. Адзначым, што ў дакументах, якія падпісваюць паступаючыя, абавязкова пазначаны кошт адукацыйнай паслугі.