Увядзенне Беларуссю узмоцненага кантролю за перамяшчэннем тавараў з'яўляецца сіметрычным адказам на дзеянні расійскага боку - Ю.Жадобін

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увядзенне Беларуссю ўзмоцненага кантролю за перамяшчэннем тавараў з'яўляецца сіметрычным адказам на дзеянні расійскага боку. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Юрый Жадобін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Беларусь вымушана ўвесці ў найбліжэйшы час узмоцнены кантроль за перамяшчэннем тавараў на асноўных аўтамабільных магістралях, якія звязваюць нашы краіны. Гэтыя крокі будуць цалкам аналагічныя тым дзеянням, якія ўжо на працягу многіх гадоў практыкуе расійскі бок у асобе органаў Федэральнай мытнай службы", - заявіў Юрый Жадобін. Ён падкрэсліў, што гэтыя меры з'яўляюцца толькі сіметрычным адказам на той мытны кантроль, які ажыццяўляецца з расійскага боку. Па словах Юрыя Жадобіна, беларускі бок вымушаны са шкадаваннем канстатаваць, што ніякіх змяненняў у падыходах расійскіх партнёраў да супрацоўніцтва ў апошнія дні так і не адбылося. "Адсутнічае ўсякі канструктыўны падыход, нацэлены на ўзаемапрымальнае рашэнне. Па падстаўных падставах працягвае наносіцца шкода нашай эканамічнай бяспецы", - падкрэсліў дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі. Ён дадаў, што гэтыя меры ні ў якім разе не закрануць інтарэсаў простых грамадзян. "Мы прыносім грамадзянам прабачэнні за магчымыя нязручнасці. Лічым, што гэта не наша віна", - сказаў Юрый Жадобін.-0-