Запуск другога арэнднага дома ў Віцебску запланаваны на люты 2015 года

Увод у эксплуатацыю другога арэнднага дома ў Віцебску намечаны на люты 2015 года, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі гарвыканкама Марына Арэшчанка.

Узвядзенне аб'екта вядзецца ў мікрараёне Білева-2. Заказчыкам выступае КУП "Капітальнае будаўніцтва горада Віцебска", генеральным падрадчыкам - Віцебскі сельскі будаўнічы камбінат. Сметны кошт аб'екта складае Br57 млрд.

Першы арэндны дом на 120 кватэр уведзены ў абласным цэнтры 31 студзеня бягучага года ў мікрараёне Білева-2. Як адзначыла Марына Арэшчанка, 108 кватэр, або 90%, выдзелены грамадзянам з катэгорыі тых, хто мае патрэбу, астатнія - прадстаўнікам сілавых ведамстваў. Пры размеркаванні жылля ў другім доме таксама будзе ўлічвацца пераважнае права чаргавікоў, якіх на сённяшні дзень на ўліку больш за 29 тыс.

Арэндная плата разлічваецца зыходзячы з базавай велічыні (на сённяшні дзень яна складае Br150 тыс.) і дасягае амаль Br18 тыс. за 1 кв.м. У выніку кошт за карыстанне двухпакаёвай кватэрай у новым доме штомесяц складае больш за Br1 млн плюс камунальныя паслугі. Гэта ў сярэднім у тры разы танней, чым здымаць кватэру ў прыватнікаў.

Акрамя арэнднага дома, яшчэ 17 вызваленых памяшканняў жылфонду, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці Віцебска, уключаны ў гарадскі фонд памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. У межах рэалізацыі ўказа ад 16 снежня 2013 года №563 "Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін" да 1 красавіка сфарміраваны фонд жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання Віцебска з ліку службовых, у які ўвайшлі 378 кватэр.

"Увесь фонд жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання горада налічвае 515 кватэр камунальнай уласнасці Віцебска, але з рознай аплатай і рознымі ўмовамі. Гэта добрая альтэрнатыва будаўніцтву жылля і з'ёму жылой плошчы ў прыватнай асобы, асабліва для маладых сем'яў", - рэзюмавала Марына Арэшчанка.