ВЫБАРЫ-2015. Больш за 10,3 тыс. чалавек увайшлі ў склад участковых выбарчых камісій у Віцебскай вобласці

ВЫБОРЫ-2015. Более 10,3 тыс. человек вошли в состав участковых избиркомов в Витебской области

У склад участковых выбарчых камісій у Віцебскай вобласці ўвайшлі больш за 10,3 тыс. чалавек, паведаміў старшыня абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Хома.

У Віцебскай вобласці на ўключэнне ў склад участковых камісій былі вылучаны 11 тыс. 442 прэтэндэнты, з іх зацверджаны кандыдатуры 10 тыс. 373. Ад дэлегатаў ад грамадзян шляхам падачы заяў выбрана 4 тыс. 134 чалавекі (39,9%), ад працоўных калектываў - 1 тыс. 677 (16,2%). Вельмі шырокае і шматлікае прадстаўніцтва грамадскіх аб'яднанняў - 4 тыс. 562 (44%). Сярод іх Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ГА "Белая Русь" і "БРСМ", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын і іншыя. Таксама ў склад участковых выбарчых камісій увайшоў 91 прадстаўнік палітычных партый: Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Камуністычнай партыі Беларусі, Беларускай аграрнай партыі. Ад Віцебскага грамадскага аб'яднання "Самакіраванне і грамадства" ўключаны 4 чалавекі, двое з якіх з'яўляюцца членамі Партыі БНФ. "Як бачна, атрымаўся вельмі шырокі склад палітычных партый. Неабходнае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях не менш адной трэці ад грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый забяспечана. Так што галоўную задачу - выкананне заканадаўства аб выбарах - мы выканалі. На працягу трох дзён павінны адбыцца арганізацыйныя пасяджэнні камісій, на якіх будуць выбраны іх старшыні, намеснікі старшынь і сакратары. Але ўжо цяпер члены выбарчых камісій заняты карпатлівай і адказнай працай - удакладненнем спісаў выбаршчыкаў. Не пазней за 25 верасня удакладненыя спісы павінны быць прадстаўлены для азнаямлення грамадзян", - дадаў Дзмітрый Хома. Усяго ў вобласці ўтворана 848 выбарчых участкаў, сфармавана столькі ж камісій. Пры гэтым адбылося скарачэнне колькасці участкаў, пераважна ў сельскай мясцовасці, - іх стала больш чым на 130 менш, чым у папярэднюю кампанію па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Аднак пры гэтым улады імкнуліся максімальна захоўваць устаноўленыя межы участкаў і месцы іх размяшчэння, каб не

прычыняць лішніх нязручнасцей выбаршчыкам, заключыў Дзмітрый Хома.

Таксама найбліжэйшай важнай задачай, якая стаіць перад абласной камісіяй па выбарах, стане праверка подпісаў за кандыдатаў. Папярэдне пасяджэнне камісіі па ўстанаўленні іх колькасці прызначана на 2 верасня.

Кацярына Князева, БЕЛТА.