ВЫБАРЫ-2015. Колькасць акрэдытаваных у Віцебскай вобласці нацыянальных назіральнікаў перавысіла 5 тыс. чалавек
У Віцебскай вобласці тэрытарыяльнымі камісіямі па выбарах Прэзідэнта Беларусі акрэдытавана 5 тыс. 201 нацыянальны назіральнік, паведамілі ў абласной камісіі.
Найбольшую колькасць назіральнікаў зарэгістравалі ўчастковыя камісіі - 5 тыс. 57 чалавек, раённыя - 106. У Віцебску раённымі камісіямі зарэгістравана 27 чалавек, у Наваполацку гарадской камісіяй - 5, акрэдытацыю абласной камісіі атрымалі 6 назіральнікаў.
Пры гэтым большасць вылучэнцаў складаюць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў - 3 тыс. 763 чалавекі. Найбольш актыўна вылучаюць назіральнікаў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (1 тыс. 246 чалавек), Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (697), РГА "Белая Русь" (653), Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў (604), Беларускі саюз жанчын (227). Сваіх прадстаўнікоў для назірання за выбарамі дэлегуюць РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і іншыя грамадскія аб'яднанні.
Палітычныя партыі вылучылі ў назіральнікі 450 сваіх прадстаўнікоў (Камуністычная партыя Беларусі, Беларуская аграрная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет"), працоўныя калектывы вылучылі 207 чалавек, ад грамадзян шляхам падачы заяў акрэдытавана 781 чалавек.
Алена Ціханава, БелТА.