ВЫБАРЫ-2015. Палітычныя партыі актыўна праявілі сябе ў перыяд фарміравання выбарчых камісій у Віцебскай вобласці
У Віцебскай вобласці палітычныя партыі актыўна праявілі сябе ў перыяд фарміравання тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў па выніках сумеснага пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта, на якім была сфарміравана абласная камісія, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што ў абласной камісіі практычна 80% - гэта прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Прадстаўлены Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, партыя БНФ, а таксама такія магутныя грамадскія аб'яднанні, як "Белая Русь", "БРСМ", "Беларускі саюз жанчын", Федэрацыя прафсаюзаў. "Атрымаўся вельмі шырокі спектр палітычнага жыцця Віцебскай вобласці", - канстатаваў намеснік старшыні аблвыканкама.
Выступаючы непасрэдна на пасяджэнні, Уладзімір Цярэнцьеў паведаміў, што найбольшую актыўнасць на этапе фарміравання камісій праявілі Камуністычная партыя Беларусі, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.
Разам з тым, па словах Уладзіміра Церанцьева, шэраг палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў вылучылі кандыдатаў з парушэннямі патрабаванняў Выбарчага кодэкса Беларусі. Так, Аршанская гарадская і Полацкая гарадская арганізацыі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад раённых тэрытарыяльных камісій, Полацкая гарадская арганізацыя Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – у склад раённай камісіі, абласная арганізацыя Ліберальна-дэмакратычнай партыі – у склад Полацкай раённай і Наваполацкай гарадской камісій. Аршанская гарадская арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі – у склад раённай камісіі. Згодна ж заканадаўству кіруючыя органы абласных, раённых і гарадскіх арганізацыйных структур палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у адпаведныя абласныя, раённыя і гарадскія тэрытарыяльныя камісіі па выбарах Прэзідэнта. "Такім чынам, можна адзначыць, што названыя партыі аказаліся не гатовыя да ўдзелу ў фарміраванні тэрытарыяльных камісій", – рэзюмаваў намеснік старшыні аблвыканкама.
Віцебская абласная камісія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сфарміравана ў максімальным складзе, у яе ўвайшлі 13 чалавек. Персанальны склад камісіі вызначаны адкрытым галасаваннем за кожную кандыдатуру і зацверджаны сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта.
Алена Ціханава