ВЫБАРЫ-2015. У Віцебскай вобласці акрэдытацыю атрымалі 80 назіральнікаў

Найбольшую колькасць назіральнікаў акрэдытавалі раённыя камісіі - 63 чалавекі, у Віцебску раённымі камісіямі акрэдытавана 13, у Наваполацку - 2 чалавекі, акрэдытацыю абласной камісіі атрымалі 2 назіральнікі.

У Віцебскай вобласці тэрытарыяльнымі камісіямі па выбарах Прэзідэнта акрэдытавана 80 назіральнікаў, паведамілі ў абласной камісіі.

Па аператыўных даных на 10 жніўня, найбольшую колькасць назіральнікаў акрэдытавалі раённыя камісіі - 63 чалавекі, у Віцебску раённымі камісіямі акрэдытавана 13, у Наваполацку - 2 чалавекі, акрэдытацыю абласной камісіі атрымалі 2 назіральнікі.

Пры гэтым абсалютную большасць сярод акрэдытаваных складаюць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў - больш за 87% (70 чалавек). Найбольш актыўна вылучаюць назіральнікаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, "Белая Русь", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, РПОА "Беларускі Хельсінкскі камітэт". Таксама сярод назіральнікаў прадстаўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага фонду міру і Беларускага саюза жанчын.

Што тычыцца палітычных партый, то яны пакуль не выяўляюць актыўнасці - акрэдытаваны толькі 2 прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі. Адзінага назіральніка вылучыў працоўны калектыў і дваіх - грамадзяне шляхам падачы заяў.

У рэгіёне ўтворана 26 тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Акрамя абласной, гэта 21 раённая, адна гарадская ў Наваполацку і тры раённыя ў Віцебску.

Алена Ціханава, БЕЛТА.