ВЫБАРЫ-2015. У Віцебскай вобласці ўтворана 848 выбарчых участкаў
У Віцебскай вобласці ўтворана 848 участкаў для галасавання па выбарах Прэзідэнта, паведамілі ў абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі. З іх 53 участкі для галасавання размешчаны на тэрыторыі санаторыяў, прафілакторыяў, дамоў адпачынку і бальніц і з'яўляюцца закрытымі, 1 выбарчы ўчастак - у воінскай часці (Кастрычніцкі раён Віцебска).
У вобласці ў гэту выбарчую кампанію ўтвораны 1 новы ўчастак для галасавання, які размешчаны ў новым жылым мікрараёне Віцебска - Білева.
У цэлым у параўнанні з папярэдняй кампаніяй (выбары дэпутатаў мясцовых саветаў) колькасць выбарчых участкаў у Віцебскай вобласці знізілася - тады іх было 868. Гэта адбылося за кошт памяншэння колькасці жыхароў у сельскай мясцовасці. "У рэгіёне будуць створаны ўсе ўмовы для галасавання жыхароў аддаленых і малалікіх вёсак. Ужо цяпер прапрацоўваюцца пытанні забеспячэння неабходным транспартам, каб выбаршчыкі без праблем змаглі дабрацца на свае ўчасткі. Акрамя гэтага, традыцыйна грамадзяне змогуць скарыстацца правам галасавання на даму", - адзначылі ў камісіі.
У цяперашні час ідзе фарміраванне ўчастковых камісій, працягваецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. "Скарг ад ініцыятыўных груп не паступала", - канстатавалі ў абласной камісіі.
Алена Ціханава, БЕЛТА.