ВЫБАРЫ-2015. У Віцебскай вобласці ў пракуратуру не паступала абгрунтаваных зваротаў па выбарчай кампаніі

ВЫБОРЫ-2015. В Витебской области в прокуратуру не поступало обоснованных обращений по избирательной кампании

Абгрунтаваных зваротаў па пытаннях правядзення выбарчай кампаніі ў Віцебскай вобласці ў пракуратуру не паступала. Пра гэта паведаміў намеснік пракурора Віцебскай вобласці Георгій Каранько перад пачаткам каардынацыйнай нарады па пытаннях забеспячэння законнасці і грамадскай бяспекі на тэрыторыі рэгіёну ў перыяд правядзення кампаніі па выбарах Прэзідэнта.

"Выбарчая кампанія праходзіць у строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У пракуратуры вобласці створана рабочая група, якая аналізуе інфармацыйныя матэрыялы, кантралюе работу мясцовых выканкамаў і тэрытарыяльных камісій, праводзіць маніторынг сітуацыі ў цэлым", - сказаў Георгій Каранько.

Пракуратуры ў раёнах і гарадах працуюць у такім жа рэжыме. "Нараканняў у плане парушэнняў выбарчага заканадаўства або ўзнікнення якіх-небудзь сітуацый, якія б патрабавалі ўмяшання пракуратуры, не маецца, - канстатаваў ён. - У пракуратуру паступіла толькі 3 звароты грамадзян, яны правераны і прызнаны неабгрунтаванымі".

Ён падкрэсліў, што на ўсіх этапах выбарчай кампаніі галоўная функцыя пракуратуры - гэта нагляд за выкананнем заканадаўства. "У перыяд агітацыі, які неўзабаве пачнецца, таксама будзем строга адсочваць сітуацыю, пры выяўленні парушэнняў - прымаць меры рэагавання ў адпаведнасці з літарай закона", - адзначыў намеснік пракурора.

Непасрэдна ў перыяд правядзення выбараў пракуратура мае намер працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. "Будуць арганізаваны дзяжурствы, як у пракуратуры вобласці, так і ў кожным раёне. Так што любы грамадзянін зможа да нас звярнуцца са сваімі пытаннямі і заўвагамі", - дадаў Георгій Каранько.

Алена Ціханава, БЕЛТА.