ВЫБАРЫ-2015. Віцебскі аблвыбаркам адзначае высокую якасць праведзенай ініцыятыўнымі групамі працы

ВЫБОРЫ-2015. Витебский облизбирком отмечает высокое качество проведенной инициативными группами работы

Колькасць несапраўдных подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты ў Віцебскай вобласці сведчыць аб сур'ёзнай падрыхтоўцы і якасці самой працы па зборы подпісаў. Такое меркаванне выказаў старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома пасля разгляду на пасяджэнні аблвыбаркама пытання па ўстанаўленні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку прапаноў аб вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі па Віцебскай вобласці.

"Колькасць подпісаў, сабраных пяццю ініцыятыўнымі групамі на тэрыторыі нашай вобласці і прызнаных у ходзе праверкі несапраўднымі, склала каля 300. Гэта няшмат. З улікам таго, што ў кожнага кандыдата выяўлена не больш за 1% такіх подпісаў, можна гаварыць аб сур'ёзнай падрыхтоўцы і якасці самой працы ініцыятыўных груп", - адзначыў Дзмітрый Хома. Ён дадаў, што ў членаў камісіі не ўзнікла пытанняў па прадстаўленых на разгляд матэрыялах, пратаколах і актах, і рашэнне аб устанаўленні колькасці подпісаў было прынята аператыўна і аднагалосна. Цяпер абласной выбарчай камісіі трэба будзе прадставіць усе дакументы ў Цэнтрвыбаркам да 5 верасня.

Сярод ініцыятыўных груп самай актыўнай аказалася група па зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі - у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прадстаўлена больш за 281 тыс. подпісаў, з іх даставернымі прызнана амаль 280 тыс. Менш за ўсё подпісаў - 1 тыс. 655, з якіх 9 прызнаны несапраўднымі, - змаглі сабраць члены ініцыятыўнай групы Віктара Церашчанкі.

На думку Дзмітрыя Хомы, збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты прайшоў спакойна, без эксцэсаў. Размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці пікетаў розных ініцыятыўных груп у пэўнай ступені спрыяла большай інфармаванасці грамадзян аб працэсе выбараў, які адбываецца ў краіне.

Таксама ў аблвыканкаме дадалі, што за мінулы перыяд у суды вобласці паступіла 6 абскарджванняў рашэнняў выканкамаў па фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій. З іх 4 разгледжаны і не задаволены, яшчэ 2 пакінуты без разгляду.

Кацярына Князева, БЕЛТА.