ВЫБАРЫ-2016: Больш за 850 назіральнікаў за парламенцкія выбары акрэдытавана ў Віцебскай вобласці
Выбарчыя камісіі Віцебскай вобласці акрэдытавалі 856 назіральнікаў за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, паведамілі ў абласной выбарчай камісіі.
Па стане на 8 жніўня з 856 акрэдытаваных назіральнікаў 767 чалавек зарэгістраваны ва ўчастковых камісіях, 82 - у акруговых, 7 назіральнікаў акрэдытаваны ў абласной тэрытарыяльнай камісіі. Пераважная большасць назіральнікаў - прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. Гэта члены Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў (206 чалавек), БРСМ (175 чалавек), Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (174 чалавекі), РГА "Белая Русь" (128 чалавек), Беларускага саюза жанчын (46 чалавек), Беларускага Хельсінкскага камітэта (11 чалавек) і інш. Што тычыцца палітычных партый, то ад іх акрэдытавана 30 чалавек, усе яны прадстаўляюць Камуністычную партыю Беларусі. Працоўныя калектывы дэлегавалі ў назіральнікі 15 сваіх прадстаўнікоў, яшчэ 6 чалавек вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заяў.
Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў прызначаны на 11 верасня.
Алена Ціханава - БЕЛТА.