ВЫБАРЫ-2016: У Віцебскай вобласці акрэдытавана 53 назіральнікі за парламенцкія выбары

Выбарчыя камісіі Віцебскай вобласці акрэдытавалі 53 назіральнікі за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, паведамілі ў абласной выбарчай камісіі.

Па стане на 18 ліпеня з 53 акрэдытаваных назіральнікаў 4 чалавекі зарэгістраваны ў абласной тэрытарыяльнай камісіі, 49 - у акруговых выбаркамах. Абсалютная большасць назіральнікаў - прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, такіх 48 чалавек. Гэта сябры БРСМ, Беларускага Хельсінкскага камітэта, РГА "Белая Русь", Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і інш. Што тычыцца палітычных партый, то пакуль ад іх акрэдытавана толькі 2 чалавекі - гэта прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі. Яшчэ 3 назіральнікі вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заяў. Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання прызначаны на 11 верасня.

Алена Ціханава - БелТА.