ВЫБАРЫ-2016: У Віцебскай вобласці акрэдытаваны 75 назіральнікаў за парламенцкія выбары

Выбарчыя камісіі Віцебскай вобласці акрэдытавалі 75 назіральнікаў за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, паведамілі ў абласной выбарчай камісіі.

Па стане на 25 ліпеня з 75 акрэдытаваных назіральнікаў 6 чалавек зарэгістраваны ў абласной тэрытарыяльнай камісіі, 69 - у акруговых выбаркамах. Абсалютная большасць назіральнікаў - прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, такіх 70 чалавек. Гэта члены БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага Хельсінкскага камітэта, РОА \"Белая Русь\", Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Беларускага саюза жанчын і інш. Што тычыцца палітычных партый, то пакуль ад іх акрэдытавана 2 чалавекі - гэта прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі. Яшчэ 3 назіральнікі вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заяў. Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання прызначаны на 11 верасня.

Алена Ціханава - БЕЛТА.