Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі дваццаць сёмага склікання прызначаны на 23 сакавіка 2014 года. Як паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта Беларусі, адпаведны ўказ №557 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 снежня.
Дата вызначана з улікам устаноўленых законам тэрмінаў на ўтварэнне тэрытарыяльных выбарчых камісій, падрыхтоўку і правядзенне іншых выбарчых дзеянняў у адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі Беларусі і Выбарчага кодэкса Беларусі.
Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў даручана ў адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі арганізаваць правядзенне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах.
Дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі павінны забяспечыць выкананне ва ўстаноўленыя Выбарчым кодэксам Беларусі тэрміны аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Фінансаванне выбарчай кампаніі будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.