Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 11 верасня
Даты правядзення парламенцкіх выбараў прызначаны ў Беларусі. Інфармацыя пра гэта размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Там адзначаецца, што ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта ад 6 чэрвеня №190 выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 11 верасня 2016 года. Згодна з указам ад 6 чэрвеня №191 выбары ў Савет Рэспублікі пройдуць з 18 чэрвеня па 18 верасня 2016 года. Адзначаецца, што абавязкі па арганізацыі выбараў і кантролі за выкананнем заканадаўства ўскладзены на ЦВК. Савету Міністраў загадана забяспечыць фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне кампаніі з рэспубліканскага бюджэту. Указы ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання.