Вылучаць кандыдатамі ў дэпутаты неабходна людзей, здольных працаваць у інтарэсах выбаршчыкаў - Н.Лазавік
16 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты на першы план павінна выходзіць здольнасць гэтых людзей працаваць на карысць інтарэсаў насельніцтва свайго акругі. Такі пункт гледжання сёння журналістам выказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Ён прымае ўдзел у семінары-нарадзе са старшынямі і сакратарамі тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, начальнікамі аддзелаў арганізацыйна-кадравай і ідэалагічнай работы рай- і гарвыканкамаў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сакратар ЦВК адзначыў узрослую актыўнасць партый у цяперашняй выбарчай кампаніі, аднак заўважыў, што "пры дэтальным аналізе высвятляецца, што пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад камісій асобныя палітычныя партыі клапаціліся пра статыстыку, стараючыся вылучыць як мага больш сваіх прадстаўнікоў, не думаючы пра тое, наколькі ў сілу сваіх магчымасцей гэтыя людзі могуць працаваць у складзе камісій". Мікалай Лазавік лічыць, што вылучаць кандыдатамі ў дэпутаты неабходна годных людзей, здольных працаваць у інтарэсах сваіх выбаршчыкаў.
Мікалай Лазавік нагадаў, што ў выбарчы кодэкс унесены істотныя змены, якія датычацца ўсіх этапаў выбарчай кампаніі. У прыватнасці, па-новаму рэгламентуецца фарміраванне выбарчых камісій, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, напрыклад, ад палітычных партый. Спрасцілася працэдура агітацыйных сустрэч і мітынгаў, якія праводзяцца цяпер па ўведаміцельным прынцыпе. Працэдура галасавання не змянілася, а вось патрабаванні да падліку галасоў сталі больш жорсткімі. Цяпер неабходна асобна лічыць бюлетэні пры датэрміновым галасаванні, галасаванні на даму і ў дзень выбараў і асобна заносіць іх у пратакол. "У цэлым змены ў выбарчым заканадаўстве палегчылі працэдуру вылучэння кандыдата, рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, што дае магчымасць вылучыць больш шырокае кола кандыдатаў, следствам чаго выбаршчыкам будзе з каго выбіраць", - канстатаваў Мікалай Лазавік.-0-