Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пройдзе з 9 верасня па 8 кастрычніка
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі на парламенцкіх выбарах у Беларусі пройдзе з 9 верасня па 8 кастрычніка ўключна. Аб гэтым сёння на пасяджэнні ЦВК паведаміла яе старшыня Лідзія Ярмошына.
Сёння ў Мінску адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, на якім, у прыватнасці, зацверджаны каляндарныя планы арганізацыйных мерапрыемстваў выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі.
"З 9 верасня па 8 кастрычніка ўключна пройдзе вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. З 9 па 13 кастрычніка - рэгістрацыя", - сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Яна нагадала, што выбары ў верхнюю палату парламента не прадугледжваюць правядзення агітацыі. Выбары членаў Савета Рэспублікі намечаны на 7 лістапада. Лідзія Ярмошына нагадала, што гэту дату агучыў кіраўнік дзяржавы ў штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. "Яна цалкам адпавядае нашым традыцыям. У гэты дзень ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Мінску адбудуцца пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, дзе будуць абраны па восем членаў Савета Рэспублікі", - растлумачыла старшыня ЦВК. Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы 5 жніўня падпісаў указы №293 і №294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.