Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачалося ў Беларусі

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдзе ў Беларусі з 8 верасня па 7 кастрычніка.

На месца ў парламенце мае права прэтэндаваць чалавек, якому споўніўся 21 год. Неабходна таксама пастаянна пражываць у Беларусі, не мець судзімасцей. Кандыдат у дэпутаты можа вылучацца трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў, ад палітычнай партыі, працоўнага калектыву. Заканадаўства дазваляе выбраць адзін ці некалькі спосабаў.

Для таго, каб вылучыцца шляхам збору подпісаў, іх на тэрыторыі свайго акругі трэба сабраць не менш за тысячу. Гэтым займаецца ініцыятыўная група, у яе складзе павінна быць не менш за дзесяць чалавек. Рэгіструюць групы ў акруговых выбарчых камісіях, яны ўжо сфарміраваны і прыступілі да працы.

Яшчэ адзін спосаб вылучэння - на з'ездах палітычных партый. У краіне іх зарэгістравана 15. Яны могуць вылучаць кандыдатаў па ўсіх 110 акругах незалежна ад наяўнасці там арганізацыйных структур.

Працоўны калектыў мае права вылучыць аднаго кандыдата па той акрузе, на тэрыторыі якой знаходзіцца прадпрыемства. Пры гэтым на ім павінна працаваць не менш за 300 чалавек.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі - на 7 лістапада.

БЕЛТА.