Вылучэнне прадстаўнікоў у складзе акруговых выбарчых камісій на парламенцкіх выбарах пройдзе да 30 жніўня

Дакументы на вылучэнне прадстаўнікоў у склады акруговых выбарчых камісій на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання можна падаць да 30 жніўня. Аб гэтым сёння ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

"Да 30 жніўня ўключна могуць падавацца дакументы на вылучэнне ў склады акруговых выбарчых камісій. Таму зараз праца для палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў - менавіта яны вылучаюць кандыдатаў у склады акруговых выбарчых камісій. Паколькі ў нас 110 выбарчых акруг, то і 110 акруговых выбарчых камісій. І яшчэ ў кожным рэгіёне ёсць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі - абласныя і Мінская гарадская", - расказала Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, многія грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі ўжо намяцілі пасяджэнні сваіх кіруючых органаў, каб вылучыць прадстаўніка. "Я ведаю, што на гэтым тыдні ў суботу будзе збірацца кіруючы орган аб'яднання "Белая Русь". На наступным тыдні будзе пасяджаць "Беларускі саюз жанчын". Думаю, многія палітычныя партыі таксама гэтым скарыстаюцца", - адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама. Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што акруговыя выбарчыя камісіі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будуць утвораны да 2 верасня ўключна. Пасля чаго прэтэндэнты на месцы ў парламенце змогуць пачаць падаваць дакументы (перш за ўсё аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння).

БЕЛТА.