Вылучэнне ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу пачынаецца сёння ў Віцебскай вобласці

2 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вылучэнне ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу пачынаецца сёння ў Віцебскай вобласці, паведамілі сёння карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама. Першымі сваіх прадстаўнікоў выберуць Лепельскі і Полацкі раёны. Буйныя гарады вобласці, уключаючы абласны цэнтр, вызначацца са сваімі прадстаўнікамі 4 лістапада, а 5 лістапада кампанія па выбарах удзельнікаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ад Віцебскай вобласці завершыцца. Прадстаўнікам працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, грамадзян па месцы жыхарства трэба будзе на працягу чатырох дзён выбраць 350 удзельнікаў Усебеларускага сходу. Самай шматлікай будзе дэлегацыя Віцебска - 98 дэлегатаў, ад Оршы і Наваполацка трэба будзе выбраць па 30 удзельнікаў, ад Полацка - 20. Больш за 10 прадстаўнікоў будуць дэлегаваць Полацкі, Лепельскі, Глыбоцкі, Віцебскі, Чашніцкі раёны. IV Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6-7 снежня. Ён склікаецца з мэтай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. На абмеркаванне народнага сходу выносяцца вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады і асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. У сходзе прымуць удзел 2,5 тыс. чалавек.-0-