Выязная прыёмная па пытаннях заканадаўства аб працы пройдзе 21 жніўня ў Паставах
17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязны прыём грамадзян па пытаннях заканадаўства аб працы і ахове працы пройдзе 21 жніўня ў горадзе Паставы (Віцебская вобласць), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі.
Атрымаць кансультацыі спецыялістаў дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, упраўленняў працы і заработнай платы, аховы працы змогуць і гараджане, і вяскоўцы. У ходзе выязнога прыёму спецыялісты аказваюць бясплатную прававую дапамогу, кансультуюць работнікаў і наймальнікаў па пытаннях заканадаўства аб працы і ахове працы. Грамадзяне змогуць атрымаць адказы на многія пытанні, у тым ліку па праблемах кантрактнай сістэмы найму, тэрмінаў выплаты заработнай платы, працоўных і сацыяльных адпачынкаў, прыёму і звальнення, аховы працы, аплаты працы, пенсійнага забеспячэння, аказання адраснай сацыяльнай дапамогі. Удзельнікі выязной прыёмнай аказваюць садзейнічанне ў вырашэнні канфліктных і праблемных сітуацый на працы.
Сумесная акцыя Мінпрацы і сацабароны, рэдакцыі газеты "Рэспубліка" і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі стартавала ў сакавіку 2007 года. Праца выязной прыёмнай арганізуецца, перш за ўсё, у тых раёнах, адкуль больш за ўсё паступае зваротаў грамадзян у сувязі з парушэннем іх працоўных правоў.
Як паказвае аналіз структуры наведвальнікаў выязной прыёмнай і спектру зваротаў грамадзян, кожнага трэцяга з іх хвалююць пытанні аплаты працы, кожнага пятага – звальнення з працы. Каля 11% складаюць звароты наконт несвоечасовай выплаты заработнай платы. Прыкладна 95-97% зваротаў грамадзян вырашаюцца непасрэдна ў ходзе прыёму.
Такая форма работы даказала сваю запатрабаванасць: з сакавіка 2007 года на прыёме ў спецыялістаў пабывалі звыш 1 тыс. чалавек. У бягучым годзе гэтыя мерапрыемствы ўжо прайшлі ў студзені ў Шчучыне (Гродзенская вобласць), у лютым у Оршы (Віцебская вобласць), у сакавіку ў Горках (Магілёўская вобласць), у красавіку ў Петрыкаве (Гомельская вобласць), у маі ў Нясвіжы (Мінская вобласць), у чэрвені ў Пружанах (Брэсцкая вобласць), у ліпені ў Астраўцы (Гродзенская вобласць).-0-