Выязная прыёмная па пытаннях заканадаўства аб працы пройдзе 22 верасня ў Сенна
14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязны прыём грамадзян па пытаннях заканадаўства аб працы пройдзе 22 верасня ў Сенне (Віцебская вобласць), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Варвара Аляксандравіч.
Прыём правядзе намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы і сацабароны Ірына Шыляева. Мерапрыемства адбудзецца з 11.00 да 14.00 у Сенненскім райвыканкаме. Жыхары не толькі Сенненскага, але таксама Чашніцкага і Бешанковіцкага раёнаў змогуць атрымаць адказы на свае пытанні па канфліктных сітуацыях на працы, а таксама садзейнічанне ў вырашэнні надзённых праблем.
Прадстаўнікі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацабароны правядуць кансультацыі для работнікаў і наймальнікаў па пытаннях кантрактнай сістэмы найму, тэрмінаў выплаты заработнай платы, адпачынкаў, прыёму і звальнення, аховы і аплаты працы, пенсійнага забеспячэння, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.
Акцыя стартавала ў сакавіку 2007 года. За гэты час на прыёме пабывалі каля 2 тыс. чалавек. Выязны прыём з удзелам спецыялістаў міністэрства і прадстаўнікоў СМІ даказаў высокую эфектыўнасць такой формы работы з грамадзянамі і яе запатрабаванасць у насельніцтва. Як паказвае практыка, пасля работы прыёмнай колькасць зваротаў з дадзенага рэгіёна прыкметна скарачаецца. Дарэчы, большасць зваротаў грамадзян вырашаецца непасрэдна падчас работы выязной прыёмнай.
У гэтым годзе такія акцыі ўжо адбыліся ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.-0-