Выязная прыёмная па пытаннях заканадаўства аб працы пройдзе сёння ў Паставах
21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязны прыём грамадзян па пытаннях заканадаўства аб працы і ахове працы пройдзе сёння ў горадзе Паставы (Віцебская вобласць), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі.
Атрымаць кансультацыі спецыялістаў дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, упраўленняў працы і заработнай платы, аховы працы змогуць жыхары не толькі Пастаўскага раёна, але і суседніх з ім Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага.
Сумесная акцыя Мінпрацы і сацабароны, рэдакцыі газеты "Рэспубліка" і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі стартавала ў сакавіку 2007 года. Падчас выязнога прыёму спецыялісты аказваюць бясплатную прававую дапамогу, кансультуюць работнікаў і наймальнікаў па пытаннях заканадаўства аб працы і ахове працы. Грамадзяне атрымліваюць адказы на многія пытанні, у тым ліку па праблемах працоўных адносін, аплаты працы і тэрмінаў выплаты заработнай платы, працоўных і сацыяльных адпачынкаў, прыёму і звальнення, аховы працы, пенсійнага забеспячэння, аказання адраснай сацыяльнай дапамогі.
Як паказвае аналіз структуры наведвальнікаў выязной прыёмнай і спектра зваротаў грамадзян, кожнага трэцяга з іх хвалююць пытанні аплаты працы, кожнага пятага - звальнення з працы. Прыкладна 95-97% зваротаў грамадзян вырашаюцца непасрэдна падчас прыёму.
Такая форма работы даказала сваю запатрабаванасць: з сакавіка 2007 года на прыёме ў спецыялістаў пабывалі звыш 1 тыс. чалавек. У бягучым годзе гэтыя мерапрыемствы ўжо прайшлі ў студзені ў Шчучыне (Гродзенская вобласць), у лютым у Оршы (Віцебская вобласць), у сакавіку ў Горках (Магілёўская вобласць), у красавіку ў Петрыкаве (Гомельская вобласць), у маі ў Нясвіжы (Мінская вобласць), у чэрвені ў Пружанах (Брэсцкая вобласць), у ліпені ў Астраўцы (Гродзенская вобласць). -0-