Вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» прысвоены Полацку
11 жніўня, Полацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Полацку сёння ўручаны вымпел "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэтая ўзнагарода - ёсць яднанне гісторыі і сучаснасці. Полацк на працягу стагоддзяў застаецца прыкладам мужнасці і стойкасці", - сказаў на ўрачыстай цырымоніі з нагоды ўручэння вымпела і Ганаровай граматы да вымпела намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.
З першых дзён вайны Полацк стаў перашкодай на шляху ворага. Дзякуючы мужнасці воінаў Полацкага баявога ўчастка, у склад якога ўвайшлі баявыя падраздзяленні 22-й арміі Заходняга фронту, камандаванне Савецкай арміі змагло падцягнуць рэзервы і арганізаваць абарончыя рубяжы ў раёне Смаленска. І ў перыяд нямецкай акупацыі горад не спыняў змагацца з захопнікамі. Тут дзейнічалі некалькі падпольных груп. Полацк уваходзіў у Полацка-Лепельскую партызанскую зону, на тэрыторыі якой змагаліся ад 16 да 20 партызанскіх брыгад. У раёне Полацка паспяхова дзейнічала знакамітая партызанская брыгада "Неўлоўныя" пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Міхаіла Пруднікава. У ходзе аперацыі "Баграціён" камандаваннем 1-га Прыбалтыйскага фронту была спланавана і праведзена Полацкая наступальная аперацыя, у выніку якой 4 ліпеня 1944 года горад Полацк быў вызвалены.
Гераізм і мужнасць вызваліцеляў Полацка адзначаны высокімі ўзнагародамі: каля 100 савецкіх афіцэраў, сяржантаў і салдат былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, 31 злучэнне і воінская часць атрымалі ганаровае найменне "Полацкія". -0-